«Ці чулі слова «цыбоўе»? — спытаўся мяне сябар.

Я і праўда нешта такое чуў, але не мог дакладна ўспомніць.

«Жукі пааб'ядалі бульбу, засталося адно цыбоўе», — бабуля мая з Рагачова так сказала, а бацькі вокам не міргнулі. Сказалі, што ім ясна, што гэта такое (мама з Быхава). Гэта значыць, старчы бульбоўніка без лісця пазаставаліся», — расказаў сябар.

Цікавае гэта гняздо словаў: цыбыцыбатыцыбоўе.

Цыбы (адзіночны лік цыба) – гэта доўгія ногі. Як у бусла ці ў высокага чалавека.

Цыбаты — даўганогі, высокі і худы. Памятаеце хуліганскую эпіграму Рыгора Барадуліна?

Навошта дэбаты,
Навошта падлікі?
Гілевіч — цыбаты,
А Быкаў – вялікі!

А якія цікавыя прыклады прыводзяць чытачы.

«Цыбаўё? Нешта ўзгадваецца. Калі не блытаю, то накшталт цвёрдай, жорсткай часткі сцяблін травы, таксама высокае жорсткае пустазелле», — піша Вадзім.

«Цыбукамі ў нас звалі тоўстыя сцябліны, у першую чаргу, баршчавікаў і наогул ўсякіх парасонавых раслінаў. Таксама цыбуля і часнок, калі дае кветкавае сцябло, як кажуць, «пайшла ў цыбукі», — піша чалавек са смешным нікам anti-vasia.

«Цыбахы — у нас на Палессе кажуць — гэта перарослыя расліны, якія пайшлі ў стаўпак». Тут варта было б чалавеку пазначыць націск. Напэўна, цыбахІ, бо на Палессі часта ў множным ліку націск пераходзіць на апошні склад (нават «машына» там у множным ліку дае «машынЫ»), але можа быць, па логіцы мовы, і цЫбахі.

І – таксама – падпісвайце, калі ласка, у якіх канкрэтна вёсках ці гарадах так кажуць. Гэта важна для дыялектолагаў.

Таксама і цыбунамі называлі стаўпакі-насеннікі, апавядае іншы чытач.

«На Віцебшчыне «цыбуры» — доўгія ацвярдзелыя сцёблы раслін», — пацвярджае Віктусь.

«Сцябло, звычайна полае і пругкае», — піша Ева, якая, на жаль, не пазначае, скуль яна каранямі.

«Цыбоўе (сінонім — цымбуры) – збуялыя, высокія сцябліны», — піша яшчэ адзін чалавек.

«Цыбоўе? Высокія раслины. Напрыклад, так можна казаць пра пустазелле ці калі бульбоўнік высокі», — вельмі тонка адчувае гэтае слова наш чытач, які пісаў, відаць, з айфона, бо не мае беларускай раскладкі, і не падпісаўся.

А вось «цурубалле» – гэта ўжо іншы выпадак. Цурубалка, цырубалка – гэта кавалак тоўстага сцябла, дрэва, палачка, дудачка. Тут, хутчэй, нешта нядоўгае. Тут галоўнае значэнне – кавалка, абрубка, трубкі.

А цыбоўе даём лексікографам на заметку.

І нам нагадка, якая багатая і гнуткая наша беларуская мова, як тонка можна выражаць ёй адценні сэнсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?