Сучаснае жыццё ўвесь час выпрабоўвае нас на трываласць.

Таму глыбокi ўнутраны канфлiкт засяроджаны не толькi у знешнiх праявах жыцця, а ў душы кожнага чалавека.

Пакуль жыве, чалавек увесь час знаходзiцца ў духоўнай дарозе. Ён кiруецца сваiмi думкамi i пачуццямi, добрымi i злымi… Можа, нават робiць памылкi i грахi.

Кнiга маладога аўтара Аляксея Палачанскага атрымала назву ад фiласофскага апавядання-прыпавесці «Мой цвiк». Тут няма ментарства, а толькi пошук сэнсу жыцця i месца чалавека на зямлі.

Цвiк пасля доўгiх-доўгiх падарожжаў разам са сваiм гаспадаром нарэшце знаходзiць сваё прызначэнне — на Галгофе. Аднак гэта не праклён, наканаваны ўсяму чалавецтву, а наадварот, суцяшэнне, якое мiрыць чалавека з жыццём. Значыць, так трэба…

У аповедах Аляксея Палачанскага ўсё сiмвалiчна i нават умоўна.

Так, у апавяданнi «Пад столлю» мы не ведаем, як завуць герояў. Гэта муж, жонка, дзецi, стары бацька… I месца дзеяння таксама ўмоунае — звычайная кватэра ў звычайным доме. Аднак аўтар спрабуе адказаць на глыбокiя i важныя пытаннi чалавечага iснавання: свабода, каханне, жыццё i смерць, закон i парадак. Усё, што абмяжоўвае чалавека ў свабодзе, робiць яго дробязным i нiкчэмным, калечыць душу, ламае хрыбет, пазбаўляе годнасцi, адчужае ад родных.

Пажар, якi зруйнаваў пастылы дом, прынёс героям уратаванне. Праўда, жонка забiрае дзяцей i пасяляецца ў новы дом, у новую скрыню, каб зноў абмежаваць сваю свабоду. А герой застаецца без сям’i з такiмi ж, як ён, людзьмi, вучыцца любiць i жыць па-новаму.

У прозе Аляксея Палачанскага адчуваецца ўплыў Кузьмы Чорнага.

Напрыклад, у апавяданнi «Памiж дарог» прыгожа апісанае хараство простага чалавека, сцвярджаюцца хрысцiянскiя каштоўнасці: мiласэрнасць, спагада да блiжняга. Стары чалавек, якi верыць у Бога i молiцца, хоча выратаваць маладзейшага, якога сапсавала цывiлiзацыя. Яму гэта не ўдаецца. Бо малады чалавек з’язджае зноў у горад. Тут дарэчы згадаць словы Марцiна Хайдэгера: «Нам вельмi цяжка зразумець жывую iстоту. Бо хоць яна i з’яўляецца для нас нейкай блізкароднаснай, аднак аддаленая цэлай прорвай ад нашай экзiстэнтнай iстоты».

Мова твора пераконвае чытача ў неабмежаваных магчымасцях беларускага слова.

Матывы самоты выразна гучаць у прозе пiсьменнiка. Гэтая тэма востра ўзнятая ў «Далёкiх агнях». Стары Анатоль ужо асуджаны на смерць. На тую смерць, калi бяссiлая медыцына — ад старасцi. З ёй чалавек паступова прымiраецца, бо барацьба бессэнсоўная. А вось з адзiнотай няма прымiрэння. Чалавеку хочацца быць побач з iншым чалавекам. Стары молiцца Богу на абразы i iдзе шукаць сабе кампанiю. Ён iдзе па начным заснежаным лесе, збiваецца з дарогi — i замярзае. Фiнал драматычны, але трагiзму няма.Бо краявiды, незвычайнае неба i далёкiя зоркi, пад якімі памiрае стары чалавек, былi такiя прыгожыя! I усё здаецца дробязным у параўнаннi з такой дасканаласцю. Нават смерць…

Палачанскаму павінны быць блізкімі экзiстэнцыялiсты Карл Ясперс (яго спазнанне Бога, свету i чалавека ў глыбокай суб’ектыўнасцi чалавечага iснавання), а таксама Марцiн Хайдэгер, якi выкарыстоўваў тэрмiн Dasein («быццё тут і цяпер»), каб апiсаць спосаб iснавання чалавека i сцвярджаў, што чалавечае жыццё радыкальна адрознiваецца ад iншых формаў таму, што здольнае пазнаць сябе i разважаць аб гэтым быццi…

«Мой цвiк» — дэбютная кнiга маладога пiсьменнiка, якая выйшла ў выдавецтве «Галiяфы». Аляксей Палачанскі — таленавіты аўтар. Свой першы цвiк ён забiў з вялiкiм майстэрствам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?