Адмена Беларуссю абмежаванняў на ўвоз сельскагаспадарчых і дзікіх жывёл з шэрагу краін ЕС не звязана з прыняццем расійскіх санкцый у дачыненні да гэтай прадукцыі.

Такую заяву зрабіў 21 жніўня на брыфінгу ў Мінску дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі Ігар Назарук. 

Ён заклікаў «не звязваць санкцыйнае пытанне з харчовай бяспекай». «Ні для каго не сакрэт, што ў свеце бушуе шэраг вельмі сур'ёзных захворванняў жывёл, якія чалавекам выкарыстоўваюцца ў ежу. Я нагадаю — губчаты энцэфаліт, птушыны грып. Цяпер яны неяк адышлі ўбок, але жывёлы працягваюць гэтымі хваробамі хварэць. У гэтай сувязі нашы ветэрынары вельмі эфектыўна праводзяць маніторынг знешняй сітуацыі», — заявіў Назарук. 

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці выпадкова супала па часе зняцце фітасанітарных і ветэрынарных прэтэнзій Беларусі да еўрапейскай прадукцыі з увядзеннем санкцый у дачыненні да гэтай прадукцыі з боку РФ, Назарук назваў адмену абмежаванняў на ўвоз еўрапейскай прадукцыі вынікам «кансультацый, узаемадзеяння ветэрынарных спецыялістаў Беларусі, Еўрасаюза і іншых краін». 

«Мы проста ўбачылі, што ачагі тых ці іншых захворванняў там пайшлі на спад, і ў сувязі з гэтым няма іншых перашкод на доступ тавараў на рынак, акрамя выканання мытнага і іншага заканадаўства», — адзначыў прадстаўнік МЗС. 

Нагадаем, 20 жніўня дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі адмяніў часовыя абмежаванні на ўвоз і транзіт сельскагаспадарчых і дзікіх жывёл з шэрагу краін Еўрасаюза, якія былі ўведзены ў 2012—2013 гадах у сувязі з выяўленымі выпадкамі захворвання, выкліканага вірусам Шмаленберг. 

У прыватнасці, адменены абмежаванні на ўвоз і транзіт свойскіх і дзікіх жвачных жывёл, атрыманага ад іх генетычнага матэрыялу з Аўстрыі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Нідэрландаў, Польшчы і Харватыі. Акрамя таго, зняты часовыя абмежаванні на ўвоз з краін Еўрасаюза буйной і дробнай рагатай жывёлы, свінняў, за выключэннем племянных жывёл, якія змяшчаліся ізалявана. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0