У Рэдакцыю трапіў ліст, аўтарка якога ўздымае набалелую праблему прымусовай падпіскі.

«Добры дзень, шаноўная Рэдакцыя!

Хачу прапанаваць тэму для абмеркаваньня «Як супрацьстаяць прымусовай падпісцы». Найбольш актуальная яна, вядома, для настаўнікаў. Так, у прыватнасьці, на першае паўгодзьдзе пэдагогам адной зь сярэдніх школаў Менску патрэбна аддаць 75.000 руб. кожнаму. Гэта пры тым, што памер г.зв. «датацыі на падпіску» складае 80 тыс. на год. Атрымліваецца пераплата амаль на 100%. Але ж у выніку сьпіс пэрыядычных выданьняў і, галоўнае, колькасьць асобнікаў, што неабходна выпісаць, рэглямэнтуюцца зьверху. На пэрыёдыку сапраўды патрэбную для працы здадзеных грошай звычайна не стае. Канечне, ва ўмовах жорсткай кантрактнай сыстэмы, наўрад ці хто спрачацца і губляць працу праз такую дробязь ак падпіска, але хацелася б пачуць кампэтэнтны адказ праўнікаў: якімі дакумэнтамі рэглямэнтаваная падпіска, на якія законы спасылацца, каб бараніць свае правы, свабоду выбару інфармацыі.

З павагай В. Л.

***

Камэнтуе намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, праўнік Андрэй Бастунец:

Зь бюджэту настаўнікам выдзяляюцца пэўныя сродкі на набыцьцё неабходнай мэтадычнай літаратуры, што цалкам абгрунтавана. А вось прымусовая падпіска на дзяржаўныя выданьні ня толькі не падмацаваная ніякімі законамі, але й сама па сабе зьяўляецца парушэньнем некалькіх артыкулаў Канстытуцыі. 13‑ы артыкул Асноўнага закону гарантуе роўныя ўмовы гаспадараньня для ўсіх формаў уласнасьці і тут мы бачым, што для дзяржаўных выданьняў ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы ў сфэры распаўсюду. Гэткае спрыяньне носіць прымусовы характар і, адпаведна, парушае права асобы ня быць змушанай да выкананьня абавязкаў, не прадугледжаных Законам (арт. 58).

Запісаў Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0