Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Мінску мае намер дамаўляцца пра мір, паколькі «ўвесь свет стаміўся ад вайны», паведамляецца на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

«Украіна хоча міру», — заявіў Парашэнка падчас рабочай паездкі ў Мікалаеў. Прэзідэнт Украіны паведаміў, што 26 жніўня ён разам з «магутнай камандай» у складзе трох высокіх прадстаўнікоў ЕС едзе ў Мінск «гаварыць пра мір». 

Парашэнка падкрэсліў, што на сустрэчы «закліча забраць баевікоў з Украіны». «Упэўнены, што нам гэта ўдасца», — сказаў ён. 

Прэзідэнт Украіны адзначыў: «Для таго каб мець трывалыя пазіцыі на перамовах па міру, трэба быць моцнымі — мець адзінства народа, моцную краіну, моцную армію». 

«Мы здольныя абараніць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць. Сёння мы змагаемся за незалежнасць Украіны. Мы з вамі абавязкова пераможам», — заявіў кіраўнік суседняй дзяржавы. 

У Мінску 26 жніўня адбудзецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна. У ёй возьмуць удзел прэзідэнты краін «мытнай тройкі», прэзідэнт Украіны, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, адказны за энергетыку віцэ-старшыня Еўракамісіі Гюнтар Этынгер і камісар па гандлі Карл дэ Гухт. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?