Амерыканскі доктар Кент Брэнтлі цалкам вылечыўся ад ліхаманкі Эбола, якой заразіўся ў Ліберыі, дапамагаючы хворым. Доктара паставілі на ногі ў амерыканскім шпіталі, дзе яму давалі эксперыментальны прэпарат.

«Сёння дзіўны дзень, — заявіў Брэнтлі сёння на прэс-канферэнцыі ў Атланце. — Я застаўся жывы, і гэта цуд. Калі ў сакавіку мы даведаліся, што ліхаманка Эбола зафіксавана ў Гвінеі, стала відавочна: час рыхтавацца да горшага. У нас у Ліберыі першы пацыент з Эбола з'явіўся толькі ў чэрвені, так што мы паспелі падрыхтавацца. А 23 ліпеня я прачнуўся і зразумеў: са мной нешта не так. Затым у мяне знайшлі ліхаманку і маё жыццё пайшло зусім не так, як я планаваў».

У канцы ліпеня доктара даставілі ў ЗША, дзе пачалі даваць эксперыментальны прэпарат, які раней не быў выпрабаваны на людзях. Па словах Брэнтлі, ён хутка зразумеў, што лекі «працуюць».

Яшчэ трое медыкаў, якія атрымліваюць аналагічную тэрапію, таксама пайшлі на папраўку.

У сярэдзіне жніўня Сусветная арганізацыя аховы здароўя дазволіла прэпарат да выкарыстання ў афрыканскіх краінах.

Там з-за ўспышкі ліхаманкі Эбола загінулі каля 1300 чалавек.

Універсальнага лячэння гэтага захворвання ў свеце пакуль няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?