21 жніўня звычайны школьнік з горада Беразіно абліўся ажно трыма вёдрамі вады і зрабіў выклік Аляксандру Лукашэнку.

Так акцыя «выклік ледзяной вадой» (Ice Bucket Challenge) дакацілася да Беларусі. Калі Аляксандр Лукашэнка на яе адгукнецца, то мусіць ці сам абліцца ледзяной вадой, ці на працягу 24 гадзін ахвяраваць 100 даляраў на карысьць фонду ALS Association, які ініцыяваў кампанію.

14 жніўня гендырэктар Facebook Марк Цукерберг выліў на сябе вядро ледзяной вады і выклаў відэа ў інтэрнэт. Такім чынам кіраўнік Facebook вырашыў прыцягнуць увагу да вывучэння невылечнага захворвання цэнтральнай нервовай сістэмы — бакавога аміятрафічнага склерозу (ALS).

Перад тым як абліцца ледзяной вадой, кіраўнік сацыяльнай сеткі заявіў, што кідае выклік заснавальніку Microsoft Білу Гейтсу і сваім намеснікам у кампаніі Facebook. Кожны зь іх павінен быў на працягу наступных 24 гадзін або выліць на сябе вядро вады, або ахвяраваць грошы аднаму з фондаў барацьбы з ALS.

Біл Гейтс прыняў выклік Цукерберга і ў межах дабрачыннай кампаніі, якая атрымала назву «ALS Ice Bucket Challenge», абліўся вадою і выклаў відэаролік у сваім акаўнце на YouTube.

З гэтага і пачалася акцыя, якая ўжо прымусіла абліцца вадою тысячы вядомых і невядомых людзей па ўсім свеце. Да таго ж усяго за два тыдні кампанія дапамагла прыцягнуць 4 мільёны даляраў як ахвяраванні на заяўленыя мэты.

Папулярны актор Він Дызэль ужо кідаў выклік Уладзіміру Пуціну — той яго не прыняў. Узяў удзел у акцыі і экс-прэзідэнт ЗША Джордж Буш, сказаўшы, праўда, што аблівацца халоднай вадой — «не прэзідэнцкая справа». Ён кінуў выклік свайму «калегу» Білу Клінтану.

У акцыя ўжо прынялі ўдзел Ліанэль Мэсі, Неймар, Усэйн Болт, ЛеБрон Джэймс, Кака, Новак Джокавіч, Хэрард Піке, Мілаш Раёніч, Джон Тэры, зборная ЗША па баскетболе ды іншыя папулярныя асобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?