У школах трэба ўдзяляць больш увагі заняткам спортам і фізкультурай. Такую думку выказаў сёння старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на форуме педагогаў Мінска.

Мікалай Ладуцька адзначыў, што яго насцярожваюць даныя медыцынскіх аглядаў школьнікаў. «Вынікі медаглядаў прымушаюць нас сур'ёзна задумацца, таму пытанне аздараўлення дзяцей на працягу навучальнага года стаіць востра. Прычым медыкі сцвярджаюць, што большасць захворванняў, выяўленых у дзяцей, з'яўляюцца не прыроджанымі, а набытымі ў перыяд навучання ў школе», — сказаў ён.

Паводле слоў старшыні Мінгарвыканкама, дадатковыя заняткі спортам і фізкультурай можна праводзіць у шосты школьны дзень. «Усе нашы гарадскія спартыўныя збудаванні павінны быць адкрыты для наведванняў школьнікамі. Стварыць умовы для вядзення здаровага ладу жыцця вучняў — гэта задача не толькі бацькоў, але і педагагічнага калектыву. Дырэктарам школ і класным кіраўнікам трэба ўдзяліць увагу гэтаму пытанню», — дадаў мэр.

У Мінску ўжо ёсць некалькі школ з басейнамі, якія запатрабаваны сярод школьнікаў. «У будучым пры праектаванні школ трэба ўлічваць гэты момант. Абсталяванне басейна ў школе патрабуе пэўных затрат, але гэта інвестыцыі ў здароўе школьнікаў», — падкрэсліў Мікалай Ладуцька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?