Сёлета ў Мінску будзе працаваць шэсць інтэграваных класаў для дзяцей з аўтызмам, паведаміў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык 22 жніўня на Жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў — 2014 у Мінску. 

Дагэтуль у сталіцы працаваў толькі адзін інтэграваны клас, у якім вучыліся трое дзяцей з аўтызмам. Ён быў адкрыты ў мінулым навучальным годзе ў СШ № 5 у Заводскім раёне па ініцыятыве міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі». 

Паводле слоў Мірончыка, адаптацыя ў грамадстве дзяцей з аўтызмам з'яўляецца адной са складаных праблем, і ў Мінску яна ўскладняецца праблемамі падрыхтоўкі педагогаў для работы з гэтай катэгорыяй дзяцей і ўдасканальвання нарматыўнай базы. 

У цэлым, паводле слоў кіраўніка камітэта, у Мінску палепшыліся ўмовы навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У прыватнасці, адзначыў Мірончык, інклюзіўныя ўстановы атрымалі сучаснае праграмна-апаратнае абсталяванне, псіхолага-педагагічны і дыягнастычны інструментарый; абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база вучэбных майстэрняў у спецыяльных школах; створаны ўмовы для прафесійнай падрыхтоўкі вучняў дапаможных школ; установы адукацыі абуладкоўваюцца камп'ютарнай тэхнікай, якая дазваляе на аснове інфармацыйных тэхналогій індывідуалізаваць адукацыйны працэс з улікам спецыфікі псіхафізічных парушэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?