Беларусь застаецца адзінай дзяржавай сярод еўрапейскіх краін, дзе не ўшанавана памяць ахвяр сталінізму, заявіў гісторык Ігар Кузняцоў 22 жніўня на брыфінгу, прысвечаным памяці ахвяр аўтарытарызму. 

Мерапрыемства прайшло напярэдадні Еўрапейскага дня памяці ахвяр сталінізму і нацызму (23 жніўня). Гэты дзень быў заснаваны 2 красавіка 2009 года Еўрапейскім парламентам. 

Кузняцоў нагадаў, што сёлета спаўняецца 75 гадоў з моманту падпісання дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР таксама вядомага як пакт Молатава — Рыбентропа. «Прайшло ўжо 75 гадоў, і застаецца шмат спрэчных пытанняў, але, напэўна, сёння ўжо ніхто не аспрэчвае, што фактычна Другая сусветная вайна пачалася не 1 верасня, калі пайшоў этап баявых дзеянняў, а 23 жніўня — менавіта з пакта аб ненападзенні», — сказаў гісторык. 

Ён падкрэсліў, што «ў жыцці тады савецкага і беларускага народа ў прыватнасці» гэты дакумент «адыграў самую трагічную ролю». 

Кузняцоў са шкадаваннем адзначыў, што дагэтуль «у Беларусі, у адрозненне ад усіх еўрапейскіх краін, памяці ахвяр сталінізму не надаюць увагі». «Калі памяць ахвяр нацызму ў Беларусі ў нейкай ступені, але не ў поўнай меры, увекавечваецца, то для памяці ахвяр сталінізму ў Беларусі з боку дзяржавы абсалютна нічога не робіцца, і ў перспектыве мы не бачым, што нейкія захады будуць зробленыя», — сказаў гісторык. 

У гэтым пытанні, звярнуў ён увагу, многія еўрапейскія краіны працягваюць «вывучаць таталітарную спадчыну, распрацоўваць навучальныя дапаможнікі, праграмы і мерапрыемствы, у першую чаргу для маладых пакаленняў, пра таталітарную гісторыю, чалавечую годнасць, правы і асноўных свабоды чалавека, плюралізм, дэмакратыю і памяркоўнасць». У Еўропе, адзначыў гісторык, заахвочваюць і падтрымліваюць дзейнасць няўрадавых арганізацый, якія праводзяць даследчую і асветніцкую працу аб злачынствах таталітарных рэжымаў. «У Беларусі за гэта нават не ўзяліся», — дадаў Кузняцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?