Установы адукацыі павінны рыхтаваць педагагічныя кадры для сябе, заявіў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч 22 жніўня на Жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў 2014 у Мінску. 

«Слабае месца ў развіцці адукацыі ў Мінску заключаецца ў тым, што сама сістэма, самі ўстановы адукацыі не вельмі займаюцца ўзнаўленнем кадраў для сябе», — сказаў ён. 

Паводле яго меркавання, першачарговая задача ўстаноў адукацыі і кожнага педагога — «падрыхтаваць сабе годную змену». Маскевіч лічыць, што ўпраўленні адукацыі і самі ўстановы павінны ў першую чаргу працаваць з педагагічнымі ўніверсітэтамі па фарміраванні мэтавага набору. 

«Так, мы можам сёння сказаць, што педагогі прайграюць многім галінам у прэстыжы прафесіі сярод моладзі, але можна ніколькі не сумнявацца, што намаганні кіраўніцтва горада і раёнаў будуць скіраваны на тое, каб змяняць сітуацыю да лепшага», — сказаў міністр. У прыватнасці, ён выказаў надзею, што будуць вырашаны шматлікія жыллёвыя пытанні і пытанні павышэння заработнай платы. 

Паводле слоў старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіла Мірончыка, 76% настаўнікаў школ і выхавальнікаў дзіцячых садкоў маюць вышэйшую адукацыю, 57% — вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. 

Ён падкрэсліў, што сталічныя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў цэлым забяспечаны педагагічнымі кадрамі, аднак дэфіцыт кадраў адзначаецца ў дашкольных установах. Паводле даных камітэта, найбольшая колькасць вакансій назіраецца на пасаду выхавальніка ўстаноў дашкольнай адукацыі — 878 і настаўнікі пачатковай школы — 230. Сёлета ва ўстановы адукацыі накіравана больш за 700 маладых спецыялістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?