Новая свідравіна беларуска-венесуэльскай кампаніі «Петролера БелаВенесалана» ў Венесуэле дала фантанны прыток нафты, паведаміла прэс-служба кампаніі «Беларуснафта». 

Пачатковы дэбіт складае 2.020 барэляў, ці 280 т, бязводнай нафты ў суткі, паведамляюць спецыялісты. Паводле іх слоў, гаворка ідзе пра найбольш спрыяльную частку раней разведанай залежы, якая знаходзіцца ў межах радовішча блока Х Лагамедыя на возеры Маракайба. У распрацоўку беларуска-венесуэльскаму прадпрыемству яно было перададзена ў 2008 годзе. 

Як адзначыла прэс-служба, «бурэнню папярэднічала вялікая праца, дасканала былі вывучаны геалагічная і прамысловая інфармацыя, дэталёва даследаваны прадуктыўныя характарыстыкі і параметры эксплуатацыі раней прабураных на залежы свідравін, ацэнены магчымыя рызыкі бурэння». За два тыдні прамысловай эксплуатацыі свідравіны здабыча нафты на ёй склала каля 30 тыс. барэляў, ці 4,2 тыс. т. 

Нагадаем, у 2014 годзе гэта ўжо другі фантанны прыток нафты, атрыманы спецыялістамі беларуска-венесуэльскай кампаніі «Петролера БелаВенесалана» на зноў прабураных свідравінах у Венесуэле. У маі свідравіна нумар 103 на блоку VIII дала фантан практычна чыстай нафты з дэбітам амаль 310 т у суткі. 

Абедзве плошчы, на якіх прабураны свідравіны, знаходзяцца на заключнай стадыі распрацоўкі. Каб дамагчыся іх рэабілітацыі, спецыялісты сумеснага беларуска-венесуэльскага прадпрыемства праводзяць мерапрыемствы з прымяненнем самых сучасных тэхналогій, адзначылі ў «Беларуснафце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?