Найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар мабільнай сувязі ў Беларусі СТАА «МТС» павышае кошт паслуг і спыняе абслугоўванне некаторых тарыфных планаў з 1 верасня 2014 года.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе аператара, карэкціроўка абумоўлена ўзроўнем інфляцыі, ростам курсу даляра і закране штомесячную плату, галасавыя выклікі ўнутры сеткі і на нумары іншых аператараў на большасці тарыфных планаў, паслуг роўмінгу, а таксама праграмы «МТС-Бонус».

Выдаткі абанентаў на паслугі сувязі ў сярэднім павялічацца на 6%.

Без зменаў застанецца цана мабільнага інтэрнэту, попыт на які істотна вырас за першае паўгоддзе 2014 года і, як чакаецца, працягне імклівы рост.

На самым папулярным у абанентаў «МТС» тарыфным плане «Выдатны» застанецца ранейшай цана званкоў унутры сеткі і на іншыя сеткі. На тарыфных планах «МТС смарт» і «МТС смарт +» таксама захаваецца цана ўнутрысеткавых выклікаў.

На ранейшым узроўні застануцца ўсе пазіцыі на сацыяльных тарыфных планах «Блізкі. Для пенсіянераў», «Асобы» і «Дзіцячы».

Ўмовы выплат за абсталяванне, набытае ў растэрміноўку, не зменяцца.

Ад 1 верасня 2014 будзе спынена абслугоўванне на тарыфных планах «Джынс 007» і «Супер Джынс», якія страцілі актуальнасць. Для дадзеных абанентаў тарыфікацыя паслуг будзе праходзіць згодна з умовамі тарыфных планаў «Джынс 007 61» і «Супер Джынс 61» адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?