«Cпадзяюся, што мая дачка прачытае маю кнігу», – такое пажаданне паэт Алесь Чобат выказаў у дзень свайго 55-годдзя.

Алесь Чобат нарадзіўся 23 жніўня 1959 года ў Скідзелі на Гарадзеншчыне. Трапіў у літаратуру, як сам кажа, пасля таго, як яго звольнілі з пасады інжынера-канструктара. У пачатку 90-х гадоў актыўна дзейнічаў у гарадзенскім БНФ.

Апошняя кніга Алеся Чобата выйшла ў свет 5 гадоў таму. Паўтары года таму ён стаў сляпым, і цяпер ужо не піша:

- Я кніжку сабраў цяпер са старых кніг, у мяне аказалася 7 штук плюс тое, што ў кнігі не ўвайшло. Я спадзяюся, што мая дачка ў Кракаве, яна ўжо не маладая, ёй 30 гадоў будзе, мае сваю дачку, мужа, што яна ўсё-такі прачытае маю кніжку.

5 гадоў таму выйшла кніга яго выбранай паэзіі «Калі хочаце мець у Айчыне свабоду», апрача гэтага Алесь Чобат з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Год», «Новая Гапілея», «Тутэйшая сага», «Край мой шчаслівы». Алесь Чобат таксама перакладаў з польскай мовы творы Чэслава Мілаша, паведамляе радыё «Рацыя».

Прапануем Вашай увазе некалькі вершаў Алеся Чобата з кнігі «Калі хочаце мець у Айчыне свабоду»… Запрашаем працягнуць у каментарах віншаванні і цытаванне.

* * *

Калі мой край перажыве мяне
i будзе вольны ад чужога грыму,
няўжо і вас віхура абміне,
асаднікі і парабкі рэжыму?!

 

Барацьбіты за веру i спакой,
i свой i тых, каму высока падаць,
няўжо i вас прыгрэе пад рукой
кароткая бяспамятная памяць?

 

Няўжо i вам спакойна паміраць,
а не плаціць i не ўцякаць за мора,
маленькая агідненькая шаць
часоў праклёну i сляпога гора…

 

* * *

Звар'яцею ад роднага краю!
Тут зламаюць любое скрыдло,
i прабачаць, i прымуць да раю –
абы толькі ўсё ціха было.

 

Шчодрасць наша мацней за ўсе звычкі!
Тут астатняе ў душах святло
аддадуць, прададуць i пазычаць –
абы толькі ўсё ціха было.

 

Што дурны, што занадта свядомы.
Паяднала іх даўняе зло –
выракаюцца сына i дому,
абы толькі ўсё ціха было.

 

Горш ад сварак усіх i ад спрэчак
i халодных выгнанняў люцей
абыякавасць родных мястэчак
i бязлітаснасць блізкіх людзей.

 

* * *

Мой даверлівы брат, не пішы халую –
няўжо выпрасіць хочаш радзіму сваю?!

 

Мой даверлівы брат, не піхайся дарма
да высокіх дзвярэй, бо людзей там няма.

 

Мой даверлівы брат, што трымае твой крок:
жонка, дзеці, заробак – a ці арышту змрок?!

 

Мой даверлівы брат, чалавек ты ці не,
калі наша зямля ўжо ляжыць у труне?!

 

Мой даверлівы брат, цмокі i павукі
перш за ўсё на даверлівых ладзяць сукі…

 

 

* * *

Смяецца дурань местачковы
з пакутаў матчынае мовы –
за ім i тэхнікум, i пых.

 

Жыве i спіць, бяды не мае.
Начальства бок яго трымае –
само выходзіла з такіх.

 

Асілак з розумам калекі
не адчувае небяспекі
зрабіцца мёртвым пры жыцці.

 

Сам хлопец жвавы i вясёлы,
але другой такой жывёлы
на ўсім падворку не знайсці.

 

Балада пра Уладзіміра Захарава

Калісьці нашыя пралетарыі
ў працэсе класавай барацьбы
забралі сабе гітару з Гішпаніі
і зрабілі з яе інструмент шпаны.

 

І прапала ў гітары гукаў свабода –
шэсць акордаў блатных выбівалі з яе.
Але ўзяў яе ў рукі Захараў Валодзя –
і на кожнай мове гітара пяе.

 

І ў яго не гітара – а сэрца паэзіі.
Ён яе навучыў слухаць нёманскі гул.
Ён яе абярог ад бяздушша і плесені
і свабоднай яе на радзіму вярнуў.

 

У Гішпаніі слухалі тлумы народа
І нашых вулічак сум, светлы дождж у вакне…
Калі хочаце мець у Айчыне свабоду,
не прасіце яе, а рабіце яе
.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0