Апошнім часам Беларусь дэманструе нечуваную з пачатку 90-х замежнапалітычную актыўнасць. На першы погляд, выглядае, што выбраная лінія датычна агрэсіі Расеі супраць Украіны – правільная і адпавядае даўгатэрміновым інтарэсам нашай краіны. Сярод іншага, яна стварае спрыяльны фон для нармалізацыі дачыненняў з ЗША і Еўрапейскім Звязам. Разам з тым,

каб разлічваць на сапраўдныя змены ў міжнародным статусе Беларусі, Лукашэнка мусіць зрабіць захады ўнутры краіны.

Перамовы ў Менску 26 жніўня — найважнейшая міжнародная падзея ў сучаснай гісторыі Беларусі. Аднак гэтае дасягненне, якое так карціць назваць перамогай беларускай дыпламатыі, можа быць і простым выбарам найбольш зручнага месца, і разуменнем таго, што Беларусь, як сусед Украіны і Расеі, мае права на месца за сталом перамоваў.

На практыцы гэтыя перамовы для беларускай дыпламатыі – не больш, чым нагода нагадаць свету пра Беларусь. Роля Лукашэнкі на іх не можа быць цэнтральнай праз яго несамастойнасць, нізкі міжнародны аўтарытэт і абмежаваныя рэсурсы Беларусі. Толькі прымірэнчай рыторыкай і харызмай на такі складаны канфлікт дзейсна не паўплываць.

Так, правядзенне перамоваў у Менску выяўляе асаблівае месца Беларусі ў канфлікце ва Украіне. Падзея надасць імпульс станоўчаму ўспрыняццю суверэнітэту Беларусі. Але толькі для ўспрыняцця, бо ўнутранае і міжнароднае становішча Беларусі застаецца надзвычай уразлівым, а змены адбываюцца вельмі нязначныя.

Паглыбляецца залежнасць Беларусі ад Расеі ў эканоміцы, гандлі, інвестыцыях, фінансах. Замежная палітыка абмежавана пільным кантролем Масквы, асабліва над тымі ініцыятывамі, што скіраваныя на Захад. У дадатак да дзейных расейскіх ваенных аб’ектаў адкрываюцца новыя базы. Такія працэсы адбываюцца не дзякуючы здаровым міждзяржаўным стасункам пад наглядам грамадстваў, а ў выніку жорсткага ціску з боку рэжыму Пуціна.

Як удзельнік Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь знаходзіцца вельмі блізка да Расеі. Узаемны абмен санкцыямі паміж Захадам і Расеяй стварае пэўныя магчымасці для Беларусі ў кароткай перспектыве. Аднак

ва ўмовах канфрантацыі Расея будзе толькі бяднець і слабець, але ніяк не багацець і мацнець.

Узаемныя санкцыі, засваенне Крыма, скарачэнне экспарту энергарэсурсаў, імклівая мілітарызацыя краіны прывядуць да таго, што

Расея будзе страчваць сваю сілу фінансіста, інвестара і купца беларускай прадукцыі. Тэхналагічна адсталая Расея ня можа быць крыніцай мадэрнізацыі Беларусі.

У суме, Беларусь знаходзіцца ў жорсткай счэпцы з Расеяй ва ўсіх вымярэннях. Калі такі стан будзе захоўвацца, Беларусь будзе рухацца да дна разам з Расеяй.

Масква не дазволіць Беларусі квітнець, а Лукашэнку — умацоўваць сваю ўладу за кошт аслаблення Расеі і Пуціна.

Крэмль дзейнічае так, каб паглыбляць залежнасць Беларусі і будзе перашкаджаць, а не спрыяць паўнавартасным адносінам з Захадам.

Нельга выключаць, што, у якасці рэакцыі на збольшага ўзважаную пазіцыю Беларусі, Захад можа пайсці на карэкціроўку падыходаў датычна рэжыму Лукашэнкі і форм узаемадзеяння з ім. Прыкметы гэтага ўжо ёсць. Але нармалізацыяй адносінаў такія зрухі называць нельга. Важна разумець: ЗША і ЕЗ не стануць рэзка і якасна мяняць адносіны з афіцыйным Менскам толькі на падставе «стрыманай пазіцыі Лукашэнкі па Украіне».

Лукашэнка стараецца падаць сябе як сілу, якая патрэбная і Усходу, і Захаду. Аднак рэчаіснасць такая, што

Лукашэнка мае адчайную патрэбу ў замежнай падтрымцы. Для яго надзвычай пажадана, каб гэтым разам падтрымка прыйшла з Захаду.

Гэта і патрэба ў падтрымцы Міжнароднага валютнага фонду, і ў недвусэнсоўным прызнанні Захадам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі на тле расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта і патрэба ў пацверджанні легітымнасці яго асабістай ўлады ў Беларусі, асабліва ў кантэксце выбараў 2015 года.

Для таго, каб зняць перашкоды да сапраўднай нармалізацыі адносінаў з ЗША і ЕЗ, Лукашэнка мусіць зрабіць крокі па аздараўленні ўнутрыпалітычнага жыцця ў Беларусі:

— вызваленне і поўнае аднаўленне правоў ўсіх палітычных зняволеных;

— стварэнне роўных ўмоваў для выбарчага працэсу;

— правядзенне справядлівых свабодных дэмакратычных выбараў.

Лукашэнка ведае, што трэба зрабіць, каб пачаць выхад з самаізаляцыі.

На жаль, страх Лукашэнкі перад палітычнай канкурэнцыяй, яго прага да ўлады і кепскі стан эканомікі робяць такі сцэнар малаімаверным. Працяглы час рэжым не спрабуе нават імітаваць спробы грамадскага дыялогу.

Замест гэтага ў беларускай дыпламатыі пануе стратэгія прымусіць Захад прыняць становішча ў Беларусі як нармальнае.

Аднак упартыя спробы «ачалавечыць» і легітымізаваць палітычны рэжым Лукашэнкі ў яго існым выглядзе плёну не дадуць. Магчымы толькі непрацяглы эфект, пасля чаго будзе вяртанне да суцэльнага непрыняцця рэжыму. Дастаткова дачакацца чарговых «выбараў».

Ва ўмовах залежнасці Беларусі ад Крамля, агрэсіўнай палітыкі Масквы і паглыблення канфрантацыі паміж Захадам і Расеяй спробы змяніць на Захадзе ўспрыняццё беларускіх рэалій замест практычных захадаў па аздараўленні грамадскага жыцця і эканомікі краіны будуць мець цяжкія наступствы для суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

* * * 

Валер Кавалеўскі — выпускнік магістарскай праграмы Школы міжнародных адносінаў Джорджтаўнскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне. З 1998 па 2006 беларускі дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?