«Я не буду шмат гаварыць пра сустрэчу ў Мінску, але гэта — магчымасць, якую нельга прапусціць», — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 24 жніўня на Еўрапейскім палітычным форуме ў Альпбаху (Аўстрыя).

Эштан таксама лічыць, што Украіне неабходна выбудоўваць добрыя адносіны як з краінамі Еўрасаюза, так і з Расіяй. «Гэта ваша краіна (Украіна), і вы прымаеце рашэнні, выбіраеце сваю будучыню. Вы выбралі свайго прэзідэнта і шлях, па якім ісці наперад. Вам патрэбныя добрыя адносіны з еўрапейскімі суседзямі і з Расіяй», — цытуе вярхоўнага прадстаўніка ЕС агенцтва ИТАР-ТАСС

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі Гюнтэра Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта. 

21 жніўня Пятро Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца аб міры, бо «ўвесь свет стаміўся ад вайны». Паводле слоў Парашэнкі, на мінскай сустрэчы ён «заклікае забраць баевікоў з Украіны». «Упэўнены, што нам гэта ўдасца», — сказаў украінскі лідар. 

23 жніўня, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, Парашэнка заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце, і так будзе падчас перамоў у Мінску. «Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік», — сказаў прэзідэнт Украіны. 

Ангела Меркель у адказ адзначыла, што разлічвае на поспех перамоў у Мінску. «Я акажу ўсялякую падтрымку, калі ў Мінску будуць размаўляць адзін з адным і спрабаваць усё ж зрабіць крок наперад», — заявіла канцлер Германіі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?