25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона.

Сесія была скліканая на патрабаванне дэпутатаў Апазіцыі БНФ, да якіх далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты (усяго за скліканне сесіі выказаліся 84 дэпутаты), і працавала 24–25 жніўня. Прэзідыум ВС прапанаваў парадак дня з двух пунктаў — «Аб бягучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы», апазіцыя БНФ унесла пакет прапаноў, сярод якіх былі галоўнымі абвяшчэнне незалежнасці, пытаньне аб адказнасці кіраўніцтва ВС за бяздзеянне ў дні путчу 19—21 жніўня, аб забароне КПБ-КПСС, аб стварэнні ўласнага войска.

Перад пачаткам сесіі група дэпутатаў БНФ дамаглася прадастаўлення прамога тэлеэфіру і звярнулася да жыхароў Менска з заклікам прыходзіць на плошчу перад Домам урада. На плошчы сабраліся тысячы людзей.

У выніку, камуністычная большасць была вымушаная пагадзіцца з большасцю прапаноў дэпутатаў БНФ. Старшыня ВС Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, дзейнасць КПБ-КПСС была прыпыненая. Нарэшце, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР быў нададзены статус канстытуцыйнага закона — Беларусь юрыдычна зрабілася незалежнай дзяржавай.

Ужо праз некалькі дзён пачаўся працэс прызнаньня Беларусі краінамі сьвету — так, у пачатку верасьня газэта «Свабода» паведаміла, што Польшча прызнала Беларусь як незалежную дзяржаву.

Праз некалькі тыдняў, у верасні 91-га, Вярхоўны Савет прыняў рашэнне аб назве краіны (замест БССР — Рэспубліка Беларусь) і наданні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сімвалаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0