Сёньня лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч завяршае сваё турнэ па краінах Эўразьвязу. У Бэрліне разам зь Вінцуком Вячоркам ён сустрэўся з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель, правёў перамовы ў МЗС і Бундэстагу. На гэтым тыдні А.Мілінкевіч сустракаўся з кіраўнікамі Аўстрыі й Эўразьвязу, прыняў удзел у сэсіі Эўрапарлямэнту, якая ўхваліла ўчора рэзалюцыю зь непрызнаньнем А. Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі й патрабаваньнем паўторных выбараў.

На пачатку лютага А.Мілінкевіч ужо сустракаўся зь нямецкім канцлерам Ангелай Мэркель. Сёньняшняя сустрэча, на думку спадара Мілінкевіча, засьведчыла сур’ёзную падтрымку ФРГ на адрас беларускіх дэмакратаў і сталася выяўленьнем адносін кіраўніцтва Нямеччыны да цяперашняй сытуацыі ў Беларусі:

(Мілінкевіч: ) «Калі людзі адзін аднаго ведаюць, то ўжо трошкі лепей гутарыць… Але ня гэта галоўнае. Галоўнае – што ў Беларусі адбыліся падзеі, якія дадалі аптымізму тым, хто падтрымлівае дэмакратыю. І, сапраўды, па вачах бачна – і ейных, і супрацоўнікаў яе апарату: яны вераць у тое, што перамены магчымыя. І мы самі верым».

Вінцук Вячорка гэтак ацаніў зьмест размовы са спадарыняй Мэркель.

(Вячорка: ) «Сустрэча была непрацяглай, але пасланьне яна выказала адназначнае: Нямеччына як свабодная краіна салідарная зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі й працягвае аказваць тую самую падтрымку дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі, якую ўжо зьдзяйсьняла».

Апрача таго, у Бэрліне Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка сустрэліся з кіраўнікамі міжнародных аддзелаў усіх фракцыяў Бундэстагу, генэральным сакратаром Хрысьціянскага дэмакратычнага саюзу Рональдам Пуфалам, а таксама з Хрыстафам Гойсгенам, які ва ўправе фэдэральнага канцлера адказвае за міжнародную палітыку.

Завяршыўся візыт прэсавай канфэрэнцыяй і інтэрвію вядучым нямецкім СМІ.

На прэсавай канфэрэнцыі спадар Мілінкевіч выказаў перакананасьць, што Аляксандар Лукашэнка не пратрымаецца ля ўлады пяць гадоў, а без падтрымкі Расеі ён не ўтрымаецца й месяца. Аляксандар Мілінкевіч назваў апошнія падзеі ў Беларусі беспрэцэдэнтнымі й ня выключыў, што рэпрэсіі ўладаў будуць працягвацца.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка зазначыў на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне, што беларуская апазыцыя чакае ад краінаў Захаду салідарнасьці й дапамогі ў стварэньні незалежных СМІ, выпуску друкаванай прадукцыі, дапамогі рэпрэсаваным і студэнтам.

Ацэньваючы вынікі свайго эўрапейскага турнэ ў цэлым, спадар Мілінкевіч заявіў «Свабодзе»:

(Мілінкевіч: ) «Самае галоўнае ўражаньне – тое, што абсалютна ня трэба расказваць аб падзеях. Пераходзім адразу да размовы наконт таго, што можам зрабіць празь месяц, праз год. І ў гэтым сэнсе, усё, што плянуецца рабіць, патрэбна і ў сёньняшняй дыктатарскай Беларусі, і калі мы станем дэмакратычнымі».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0