У Мінску работадаўцы будуць мець права самастойна прымаць рашэнне аб прыёме на працу іншагародніх грамадзян. 30 лістапада на 7‑й пазачарговай сесіі дэпутаты Мінгарсавета аднагалосна прызналі рашэнні Мінгарсавета і Мінгарвыканкама, якія раней рэгулявалі парадак запрашэння арганізацыямі іншагародніх грамадзян для працы і жыхарства ў сталіцы, страціўшымі моц.

Як патлумачыў у сваім дакладзе намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, начальнік упраўлення занятасці Чэслаў Роўба, раней парадак запрашэння арганізацыямі іншагародніх грамадзян для працы і жыхарства ў Мінску рэгулявалі рашэнні Мінгарвыканкама і Мінгарсавета, прынятыя ў 1992 і 1999 гадах (працаўладкаваць замежных грамадзян можна было толькі з дазволу Мінгарвыканкама і пры ўплаце дзяржаўнай пошліны. — БелаПАН.). Аднак з прыняццем указа прэзідэнта № 413 ад 7 верасня 2007 года «Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання» гэтыя рашэнні страцілі сваю моц.

«Яны супярэчылі патрабаванням часу. Мы мяркуем, што згаданыя змяненні ў прававым рэгуляванні адносін у сферы міграцыі насельніцтва ў сталіцу дадуць магчымасць задаволіць патрэбы арганізацый у працоўнай сферы, а таксама патрэбы іншагародніх грамадзян у працаўладкаванні», — патлумачыў Ч.Роўба.

Паводле яго слоў, цяпер рынак працы Мінска характарызуецца пастаянным попытам на працоўную сілу. Патрэба у работніках на 1 лістапада 2007 года складала больш за 20 тыс. вакансій, або 37,1% ад колькасці вакансій у краіне.

«Пасля набыцця ўказам моцы з 1 студзеня 2008 года наймальнікі Мінска будуць мець права самастойна рэгуляваць пытанні прыёму на працу людзей, не звяртаючыся па дазвол у Мінгарвыканкам, але пры гэтым выконваць патрабаванні ўказа», — паведаміў кіраўнік упраўлення.

Згодна з прэзідэнцкім указам, грамадзяне, якія прыбываюць у Мінск з іншага населенага пункта для працы, павінны зарэгістравацца па месцы жыхарства. Для гэтага ў Мінску вызначана норма ў 20 кв. м на аднаго чалавека, пры гэтым ў інтэрнаце — 6 кв. м. Апрача таго, існуе норма часовай рэгістрацыі тэрмінам да года.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0