«Усім нам хацелася б прарыву і канкрэтных дамоўленасцей па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, але ўжо сам факт цяперашняй сустрэчы — несумненны поспех. Адбылася сур'ёзная размова па ўсім комплексе пытанняў, звязаных з крызісам ва Украіне. На жаль, сітуацыя зайшла настолькі далёка, што прынцыповыя рашэнні на вышэйшым узроўні, ніякія асобныя крокі, тэхнічныя дамоўленасці не прывядуць да нармалізацыі. Вядома, усім нам хацелася б неадкладных кардынальных рашэнняў, канкрэтных дамоўленасцей па спыненні кровапраліцця і пачатку палітычнага дыялогу, але гэта немагчыма. Трэба выпрацаваць аснову», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня па выніках пасяджэння ў Мінску прэзідэнтаў краін Мытнага саюза, Украіны і прадстаўнікоў ЕС.

Ён выйшаў да прэсы адзін і растлумачыў, што астатнія ўдзельнікі перамоваў упаўнаважвалі яго паведаміць журналістам аб выніках сустрэчы, якая доўжылася чатыры гадзіны.

«Перамовы былі няпростымі, але дыялог быў прадметным і адкрытым, хоць пазіцыі бакоў адрозніваліся часам кардынальна, — сказаў Лукашэнка. — Але важна, што ўсе ўдзельнікі лічаць, што трэба шукаць кампраміс».

Паводле яго слоў, удзельнікі заявілі аб неабходнасці дээскалацыі канфлікту, вызвалення закладнікаў, рашэння праблемы бежанцаў і гуманітарных пытанняў. «Важна прадухіліць гуманітарную катастрофу», — падкрэсліў Лукашэнка.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымыя рызыкі для Расіі ў сувязі з падпісаным пагадненнем аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС, а таксама надалі ўвагу «праблемам у энергетычнай сферы як па транзіце, так і пастаўках».

«Упершыню на такім высокім узроўні адбыўся дыялог двух наймагутных на еўрапейскім кантыненце аб'яднанняў (МС і ЕС)», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, што сустрэчы кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ будуць праходзіць у Мінску на рэгулярнай аснове. Такая прапанова была ўнесена Пятром Парашэнкам, і з ім пагадзіліся ўсе бакі.

«Усе пагадзіліся з прапановай прэзідэнта Украіны аб тым, каб зрабіць Мінск рэгулярнай пляцоўкай для кантактнай групы па Украіне», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Пятро Парашэнка настойваў, каб эксперты сустрэліся ўжо заўтра. Пры гэтым Лукашэнка не стаў удакладняць, ці адбудзецца 27 жніўня сустрэча групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?