Валдзіс Затлерс

Перамены ў краіне нельга навязаць звонку. Такую думку выказаў у інтэрв’ю БелаПАН прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Валдзіс Затлерс.

Паводле яго слоў, дэмакратызацыя павінна быць патрэбай самога беларускага народа.

«Народ павінен адчуваць, якія змены ён хоча, як да іх падысці, як іх ажыццявіць. Таму што дэмакратыя і свабоды працуюць толькі тады, калі людзі прымаюць іх як каштоўнасці, вышэй за якія няма», — заявіў В.Затлерс.

Ён таксама зазначыў, што свой імідж краіна стварае сама. Латвія, на думку прэзідэнта, «можа быць прыкладам для многіх краін, у тым ліку для Беларусі», таму што яе эканоміка «вельмі адкрытая».

В.Затлерс падкрэсліў, што «эканамічнае супрацоўніцтва паміж суседзямі лагічнае», і галоўнай умовай такога супрацоўніцтва з’яўляецца тое, «наколькі яно выгаднае бакам». «Эканоміка — аснова, на якой мы зарабляем свой дабрабыт», — сказаў прэзідэнт.

Сярод сфер узаемадзеяння Латвіі і Беларусі ён таксама адзначыў экалогію. У прыватнасці, нагадаў В.Затлерс, дзякуючы аператыўным і ўзгодненым дзеянням беларускіх і латвійскіх спецыялістаў удалося прадухіліць экалагічную катастрофу на Заходняй Дзвіне, у якую вясной гэтага года вылілася дызпаліва пасля аварыі на нафтапрадуктаправодзе «Унеча — Вентспілс» у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці.

Інцыдэнт з латвійскім дыпламатам у Беларусі, што меў месца ў ліпені 2006 года, прэзідэнт Латвіі лічыць вычарпаным. (Размова ідзе пра другога сакратара пасольства Латвіі, у дачыненні да якога ў Беларусі была распачата крымінальная справа па факце распаўсюджвання парнапрадукцыі. — БелаПАН.)

Што тычыцца двухбаковых дамоўленасцей па візавых пытаннях, то пра іх пакуль казаць дачасна, лічыць прэзідэнт Латвіі. Цяпер, паводле яго слоў, бакі «абменьваюцца думкамі». «Не трэба спяшацца. Паглядзім, што нам пакажа 2008 год», — сказаў В.Затлерс. У прыватнасці, зазначыў прэзідэнт, латвійскі бок мае намер паглядзець, ці зменіцца паток беларусаў у Латвію, ці ўзнікнуць праблемы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0