У Драгічынскім раёне 26 жніўня ў ДТЗ пацярпела аўтамабілістка і дзяўчынка-пасажыр. 

Як паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Архіпава, на другім кіламетры аўтадарогі Драгічын — Радастава 19-гадовая жыхарка вёскі Вулька Папінская, якая знаходзілася за рулём аўтамабіля «Фальксваген-Пасат», рухаючыся па пад'язной аўтадарозе да вадасховішча, не справілася з кіраваннем і з'ехала ў левы па ходзе руху кювет, дзе наехала на прыдарожнае дрэва. 

Кіроўца атрымала закрыты пералом касцей правай галёнкі, 11-гадовая пасажыр-аднавяскоўка — закрытую чэрапна-мазгавую траўму, закрыты пералом носа, траўму верхняй сківіцы. 

Абедзве шпіталяваны ў Драгічынскую цэнтральную раённую бальніцу. 

Па факце ДТЗ праводзіцца праверка. 

З пачатку года ў Брэсцкай вобласці з удзелам дзяцей зарэгістравана 42 ДТЗ, у якіх трое дзяцей загінулі і 41 атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?