Продажы беларускай трактарнай тэхнікі ў Расіі плануецца пашырыць. Магчымасці гэтага абмяркоўваліся ў Маскве на сустрэчы генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Фёдара Дамаценкі з генеральным дырэктарам ААТ «Расагралізінг» Валерыем Назаравым, паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.

«Абмеркаваны магчымасці пашырэння продажаў беларускай трактарнай тэхнікі праз збытавую сетку ААТ «Расагралізінг», праблемныя пытанні ўзаемадзеяння. Адзначана перспектыўнасць такіх напрамкаў супрацоўніцтва, як пастаўкі энерганасычаных трактароў і тэхнікі, якая працуе на газаматорным паліве», — адзначылі ў прэс-службе.

У перагаворах прынялі таксама ўдзел кіраўнікі тавараправоднай сеткі ААТ «МТЗ» у Расіі, супрацоўнікі пасольства.

ААТ «Расагралізінг» — лізінгавая кампанія з дзяржаўным удзелам, якая дзейнічае ў аграпрамысловым комплексе. Выконвае задачы ўрада РФ па перадачы айчынным сельгаставаравытворцам на даступных умовах фінансавай арэнды (лізінгу) сучасных сродкаў вытворчасці (сельгастэхніка, племянныя жывёлы, тэхналагічнае і перапрацоўчае абсталяванне). З'яўляецца адным з буйнейшых каналаў па прасоўванні беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі на расійскі рынак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?