Затрыманых на тэрыторыі Украіны расійскіх дэсантнікаў даставілі ў адзін са следчых ізалятараў Кіева, паведаміў спікер інфармацыйнага цэнтра РНБА Украіны Андрэй Лысенка.
Адказваючы на пытанні журналістаў пра статус расіянаў, ён заявіў, што яны «з'яўляюцца не ваеннапалоннымі, а затрыманымі».
На прэс-канферэнцыі ў сераду ў Кіеве, у якой прынялі ўдзел 9 з 10 затрыманых дэсантнікаў, яны заявілі, што не мелі намераў перасякаць расійска-ўкраінскую мяжу.
«Мы не можам сказаць, калі дакладна мы перайшлі мяжу, і ў які момант перайшлі мяжу, там не было ні знакаў, ні таблічак», — сказаў намеснік камандзіра ўзвода 333-га палка 98-й Свірскай дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл РФ сяржант Уладзімір Завасцееў.
Ён адзначыў, што ў дэсантнікаў падчас маршу не было загадаў адкрываць агонь, зброя была не зараджана.
Затрыманыя расказалі, што ўсяго ў калоне, якую яны суправаджалі, было каля 200 чалавек, і гэты інцыдэнт адбыўся ў першы дзень вучэнняў.