Нарачанскі край — адно з самых маляўнічых месцаў у Беларусі. Штогод сюды прыязджаюць на адпачынак тысячы людзей. Турыстычны патэнцыял найбуйнейшага возера краіны дагэтуль не вычарпаны.

Улады ўзяліся за Нарач яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, калі была прынятая Дзяржаўная праграма экалагічнага аздараўлення возера на 2005—2008 гады. Пасля яе завяршэння і частковага выканання быў сфармуляваны чарговы дакумент — Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады. Яе рэалізацыю ацанілі ў $140 мільёнаў.

Дзве траціны ад гэтай сумы выдзялілася з бюджэту, рэшту мусілі дакласці прыватнікі. Напрыклад, кампанія «Лект» бізнэсмена Андрэя Балабіна (яму належыць сетка крамаў тэхнікі «Пяты элемент») збіралася будаваць турыстычны комплекс у пасёлку Нарач, брокерскае аддзяленне «Атлант­-М» — базу адпачынку на возеры Вялікія Швакшты.

А вось участак пад забаўляльны водны цэнтр аддалі «Тытунь­-Інвесту». У ліпені 2010 года Аляксандр Лукашэнка прыязджаў на Нарач, каб агледзець пляцоўку пад аб’ект. Для заснавальніка кампаніі, мільянера Паўла Тапузідзіса была арганізаваная сустрэча з кіраўніком дзяржавы. Бізнэсмен паказаў яму макет будучага воднага цэнтра.

Што было ў тым праекце? «Тут плануецца пабудаваць гасцявыя дамкі (кожны на чатыры сям'і) у стылі XIX стагоддзя, а таксама стварыць цэнтр дайвінгу, аэраклуб», — пісала па выніках сустрэчы БелТА. «Гэта менавіта тое, што патрэбна для адпачынку лю­дзям», — падсумаваў тады Лукашэнка і прызнаўся, што сам з задавальненнем адпачыў бы ў такім месцы.

У выніку ў праект развіцця Нарачы на 2011—2015 гады запісалі, што «Тытунь­-Інвест» пабудуе гатэль і забаўляльны водны цэнтр агульным коштам $15 мільёнаў.

Час ішоў, а ніякай інфармацыі пра ход будаўніцтва не было. А вось чытачы «Нашай Нівы» паведамлялі пра актыўнасць «Тытунь-­Інвеста» ў нарачанскім краі.

«Там час ад часу лётаюць на белым верталёціку, катаюць па возеры вісклявых дзевак на банане за катарам ды перыядычна зліваюць памыі ў возера, ад чаго смурод даходзіць аж да суседняй вёскі. Пры гэтым, «прыватызаваўшы» здаравенны кавалак узбярэжжа ў Нарачанскім запаведніку», — скардзіліся ў Рэдакцыю.

Няўжо водны цэнтр ужо адкрыўся? У кампаніі «Тытунь-­інвест» доўга нават не маглі зразумець, пра які аб’ект ідзе гаворка.

Як высветлілася, Павел Тапузідзіс так і не пачаў будаўніцтва, пра якое абяцаў Аляксандру Лукашэнку. Мясцовыя ўлады чакалі год за годам, але марна. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Леанід Берняковіч патлумачыў, што сёлета вясной участак быў адабраны ў інвестара.

Тады дзе ж мільянер «лётае на белым верталёціку»?

Калі Тапузідзіс запісваўся ў інвестыцыйную праграму Нарачы, ён ужо быў у фаварытах у мядзельскага кіраўніцтва.

За год да сустрэчы з Лукашэнкам на курорце бізнэсмен атрымаў зямлю на возеры Мядзел, суседнім з Нараччу. На гэтых 90 сотках каля вёскі Валочак «Тытунь-­Інвест» сабраўся будаваць аздараўленчы комплекс. Зямля дасталася на самым беразе — частка ў прыбярэжнай паласе, рэшта ў водаахоўнай зоне.

Колькі каштаваў Тапузідзісу гэты ўчастак?

Магчыма, у дакументы Нацыянальнага кадастравага агенцтва закралася прыкрая абдрукоўка, пакуль што там пазначана, што «Тытунь-­Інвест» штогод плаціць за зямлю «,87 USD». Акурат так, з коскай на пачатку. Альбо там 0 у пачатку, альбо нешта іншае.

Тэрмін арэнды склаў традыцыйныя 99 гадоў.

Турысту патрапіць на таямнічую тэрыторыю немагчыма. Гравійка да Тапузідзіса вядзе ад трасы Р27 «Мядзел—­Браслаў». Збоку застаецца возера Рудакова з базай адпачынку, якую марна спрабуе прадаць праз аўкцыён кампанія «Амкадор», пасля даводзіцца праехаць міма вёскі Валочак.

Чым бліжэй да пункта прызначэння, тым больш забаронаў. «Праезд забаронены». Пасля «Уезд забаронены». А нарэшце яшчэ і «Стоп», у дадатак да шлагбаума. Тых, хто ўсё ж прарвецца, чакае трохметровы плот. За ім — нібы не душы.

Мала што могуць расказаць пра новых суседзяў і вяскоўцы. Хоць пра тое, што там пабудаваўся менавіта «Тытунь-­Інвест», ведаюць усе.

Дамы аднавярховыя, не разлічаныя на вялікую колькасць наведвальнікаў.

Дамы аднавярховыя, не разлічаныя на вялікую колькасць наведвальнікаў.

Застаецца зазірнуць на закрытую тэрыторыю з паветра. На спадарожнікавым здымку відаць тры будынкі. Дарэчы, усе яны аднапавярховыя. Гасцей сустракае корпус для аховы і іншага персаналу. Услед за імі два жылыя збудаванні, а таксама альтанкі.

Уявіць, што гэта насамрэч аздараўленчы комплекс, складана, хоць абодва будынкі і аформленыя «для лячэбна­-прафілактычных і санаторна­-курортных мэтаў». Меншага з іх (на спадарожнікавым фота злева) наўрад ці хапіла б пад працэдурныя кабінеты, па плошчы ён як трохпакаёўка. Дый большы дом разлічаны хутчэй на вялікую сям’ю, чым на плынь адпускнікоў. Інфармацыі пра базу няма ні ў спісах турыстычных аб'ектаў, ні сярод медыцынскіх установаў.

Калі глядзець на базу з процілеглага боку возера, бачны спуск да вады і бел-чырвона-белы катар.

Калі глядзець на базу з процілеглага боку возера, бачны спуск да вады і бел-чырвона-белы катар.

Няўжо замест воднага цэнтра і аздараўленчага комплексу «Тытунь-­Інвест» пабудаваў толькі прыватную рэзідэнцыю ў водаахоўнай зоне Мядзела?

***

Павел Тапузідзіс у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі займае 4­-е месца.

Нарадзіўся 12 верасня 1956. Мае грэцкія карані, дзяцінства правёў у Грузіі. Пачаў бізнэс на вытворчасці цацачных самалёцікаў. У Беларусі арганізаваў кааператыў па выпуску пахавальных вянкоў, пасля заняўся вытворчасцю цыгарэт. Ягоны «Тытунь­-Інвест» — адзіная прыватная кампанія на цыгарэтным рынку. Бізнэс асаблівы, рашэнне аб тым, каб аддаць яго Тапузідзісу было прынятае на найвышэйшым узроўні.

Другі галоўны бізнэс — сетка гіпермаркетаў «Карона», прадстаўленая ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Брэсце, Віцебску і Салігорску. У склад гандлёвых цэнтраў уваходзяць крамы тэхнікі «Карона­-Тэхна» і крамы адзення «Модны Мол».

Гадлёва-­забаўляльны цэнтр «Замак», які знаходзіцца насупраць Палаца Незалежнасці, — найбольшы ў краіне, на ягоным верхнім паверху нават адкрытая лядовая арэна.

На беразе Заслаўскага водасховішча адкрыў элітны «Робінсан Клаб» — гатэль, рэстаран, клуб і спа­цэнтр. Наведнікам прапануюць прагулкі на верталёце.

«Робінсан-Клаб»

«Робінсан-Клаб»

У часе прэзідэнцкай кампаніі­-2010 Павел Тапузідзіс быў старшынём камісіі на адным з мінскіх выбарчых участкаў.

Жонка Ірына ўзначальвае дабрачынны фонд «Крыніца дабрыні».

* * *

Гісторыя поспеху Паўла Тапузідзіса

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?