Падпісваўся я на «Нашу Ніву» на другое паўгоддзе. Папрасіў, каб квітанцыя аб падпісцы была аформлена на беларускай мове. І мне адмовілі. Начальніца аддзялення ветліва растлумачыла, што яны не могуць гэтага зрабіць, бо ў камп’ютарах ёсць толькі руская і ангельская мовы.

Я вырашыў, што атрымалася нейкая недапрацоўка. Прынята пастанова, што адказваць грамадзянам трэба на мове зваротаў (то бок, і на беларускай), у гарадах паставілі білборды з кранальнымі надпісамі пра беларускую мову, на ёй пішуць назвы вуліц і г.д. Я памятаю, як яшчэ гадоў дзесяць таму размаўляць па­беларуску ў афіцыйных установах было небяспечна, асабліва калі вы звярталіся з нейкай просьбай. Пачуўшы мову, чыноўнікі адразу вырашалі, што вы апазіцыянер, і рабіліся няветлівымі. Цяпер жа такога няма. Мой асабісты вопыт сведчыць, што можна спакойна задаць пытанне ў нейкай адміністрацыі па­беларуску і нават пачуць адказ на мове. Не заўсёды, праўда, станоўчы.

Таму, з мэтай паспрыяць пашырэнню сферы ўжывання беларускай мовы, я напісаў вельмі ветлівы ліст міністру сувязі. У ім адзначыў, што мы жывём не ў Расіі і не ў Англіі, таму я прашу, каб у камп’ютарах паштовых аддзяленняў была ўстаноўлена таксама і беларуская мова. Мне прыслалі адказ за подпісам першага намесніка міністра З.Г.Шадко, дзе мудрагеліста напісалі, што «выдадзены аб’ектам паштовай сувязі чэк (квітанцыя) па аплаце за падпіску на рускай мове не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь». Гэта мяне крыху збянтэжыла. Бо я прасіў, каб разам з рускай і ангельскай у камп’ютарах была ўстаноўлена і беларуская мова, і зусім не абмяркоўваў пытанне, законна ці не ўжываецца руская. Няхай ужываецца, я не супраць, але няхай будзе і беларуская. Бо на беларускамоўныя выданні падпісваецца шмат хто, і гэтыя людзі таксама не павінны дыскрымінавацца.

Але ж ёсць закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які патрабуе, каб адказ на зварот быў да­дзены па сутнасці. Таму я напісаў скаргу ў Генеральную пракуратуру з просьбай «правесці праверку па дадзеным факце і абавязаць упаўнаважаных асоб даць адказ па сутнасці пытання». Адтуль мне адказалі амаль тое ж самае, што і з Міністэрства сувязі: у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, згодна з заканадаўствам, «мовамі, якія выкарыстоўваюцца ў паштовай сувязі ў межах Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца беларуская і (або) руская. Пры такіх абставінах змест адказу Мінсувязі не супярэчыць дзеючаму заканадаўству». Падпісала ўсё гэта начальнік аддзелу нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М.В.Папова.

Я крыху разгублены ад гэтых адказаў. Здаецца я ясна пісаў: «прашу каб у камп’ютарах паштовых аддзяленняў была ўстаноўлена беларуская мова, і грамадзяне Рэспублікі Беларусь маглі рэалізоўваць сваё права на двухмоўе». Мне адказваюць, што выкарыстанне рускай мовы не супярэчыць заканадаўству. Я — пра адно, мне пра другое. Лічу, што падобныя адказы сведчаць не толькі пра стаўленне чыноўнікаў да роднай мовы, але і да зваротаў грамадзян. Я атрымаў дзве адпіскі. Але праблема засталася.

У Беларусі ёсць людзі, якім крыўдна за сваю мову. І іх шмат!

Дадзены выпадак — паказчык стылю працы нашых чыноўнікаў. Яна дзейнічаюць па фармальных схемах, не ўваходзячы ў сутнасць справы. Я не бачу ніякіх тэхнічных цяжкасцяў у тым, каб устанавіць у камп’ютарах беларускую мову. Для спецыяліста гэта справа дваццаці секундаў. Калі б мне напісалі нешта змястоўнае, накшталт «ёсць пэўныя цяжкасці» альбо нават «пытанне разглядаецца», і тое не было б так непрыемна

І ў заключэнні хачу адзначыць: сітуацыя, калі грамадзяніну даводзіцца адстойваць свае правы на карыстанне адной з дзяржаўных моў, ненармальная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?