ria.ru
Украіна абвінаваціла Расію ў ваенным уварванні на тэрыторыю краіны. Паступаюць паведамленні, што прарасійскія сілы ўзялі пад кантроль порт Новаазоўск, аднак прадстаўнікі ўкраінскай арміі настойваюць, што па-ранейшаму кантралююць горад.
Мэр Новаазоўска пацвердзіў з'яўленне ў горадзе апалчэнцаў, а прыхільнікі самаабвешчаных Данецкай народнай рэспублікі і Луганскай народнай рэспублікі дзяліліся ў сацсетках фотаздымкамі, на якіх бачныя наступаючыя танкі.
«Трэба адзначыць, што адбылося поўнамаштабнае ваеннае ўварванне ўзброеных сілаў Расіі на тэрыторыю Украіны. Яно адбываецца па некалькіх напрамках. І сёння сваімі дзеяннямі Генштаб Расіі спрабуе раcпыліць сілы байцоў АТА, каб узяць пад кантроль населеныя пункты ў Данбасе», — заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Зоран Шкірак.
Газета New York Times паведамляе, што танкі, артылерыя і пяхота перайшлі мяжу Украіны з боку Расіі, «атакаваўшы ўкраінскія сілы і справакаваўшы паніку і поўнамаштабнае адступленне».
Такім чынам, на думку выдання, «быў адкрыты новы, трэці фронт у вайне на ўсходзе Украіны паміж урадавымі сіламі і прарасійскімі сепаратыстамі».
Раней міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт напісаў у сваім Твітары: «Зараз мы відавочна назіраем ваеннае супрацьстаянне паміж рэгулярнымі войскамі Расіі і Украіны. Гэтаму ёсць канкрэтная назва».
У сваю чаргу канцлер Германіі Ангела Меркель у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным заявіла, што неабходна растлумачыць паведамленні аб з'яўленні расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны.
Ангела Меркель таксама правяла тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Як паведаміў сайт ўкраінскага прэзідэнта, Парашэнка і Меркель дамовіліся прыкласці ўсе намаганні для дээскалацыі крызісу на ўсходзе Украіны.
Тым часам украінская армія спрабуе акружыць Данецк, які стаў плацдармам сепаратыстаў. Баі працягваюцца і ў раёне Луганска.