У буфетах беларускіх школ змены: міністэрства аховы здароўя абмежавала продаж смажанак і піцаў. Цяпер іх дазволена прадаваць не часцей за два разы на тыдзень. Таксама сасіскі забаранілі даваць школьнікам часцей за раз на тыдзень пры аднаразовым харчаванні штодня і за два разы пры двухразовым. Затое цяпер у буфетах можна будзе знайсці гематаген — для барацьбы з анеміяй.

Пра гэта на прэс-канферэнцы сёння расказалі спецыялісты ў галіне харчавання.

Галоўны пазаштатны дзіцячы гастраэнтэролаг Міністэрства аховы здароўя Ірына Савановіч паведаміла, што колькасць выпадкаў захворванняў страўнікавай сістэмы у дзяцей у 2013 годзе знізілася на 17% у параўнанні з 2005 годам. Гэта рэзультаты па ўкараненні праграмы гарачага харчавання ў навучальных установах.

«Аднак сёння існуе праблема атлусцення школьнікаў, бо цяпер дзеці пачалі мала рухацца.

Найбольш выпадкаў атлусцення зафіксавана ў дзяцей старэйшага школьнага ўзросту. Калі 15-20 гадоў таму дзеці гулялі ў футбол, дык цяпер яны сядзяць за камп'ютарамі. І гэта сітуацыя характэрная для ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

У 2010-2012 годзе мы праводзілі даследаванне здароўя школьнікаў. Трэба адзначыць, што энергатраты дзяцей і падлеткаў супадалі з атрыманнем гэтай энергіі праз харчаванне, то бок галодных дзяцей не было. Але ёсць іншыя праблемы.

Напрыклад, спажыванне бялку ў норме, але на ніжняй яе мяжы. Спажыванне тлушчаў перавышае норму. Вугляводаў дзеці спажываюць адпаведна нормам, аднак простых вугляводаў больш за неабходную колькасць дзесці ў 2–2,5 разы, а складаных вугляводаў бракуе. Да таго ж назіраецца дысбаланс паступлення вітамінаў і мінеральных рэчываў», — сказала яна.

Савановіч таксама адзначыла, што шольнікі мусяць харчавацца 4–5 разоў у дзень, прычым тры разы есці гарачыя стравы. Таксама Савановіч папрасіла карміць дзяцей на сняданак гарачымі стравамі, а не бутэрбродамі.

А вось рацыён беларусаў па-за школай не такі збалансаваны, што прыводзіць да шматлікіх захворванняў і пагаршэння якасці і працягласці жыцця.

«Даследаванне фактычнага харчавання насельніцтва высветліла, што ў рацыёне беларусаў занадта многа насычаных тлушчаў, але бракуе вітамінаў, у прыватнасці вітамінаў групы B, надзвычай нізкае ўтрыманне кальцыю, што звязана з невялікімі аб'ёмамі спажывання малочных прадуктаў.

У найбольшай ступені гэтыя дэфіцыты праявіліся ў падлеткаў, у жанчын працаздольнага ўзросту — у іх рацыёне часцей за іншыя групы насельніцтва назіраўся недахоп жалеза, а таксама ў пажылых людзей», — падзялілася дадзенымі даследванняў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гігіены харчавання РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены».

На жаль, у Беларусі пакуль няма дзяржаўных праграм па папулярызацыі збалансаванага і здаровага харчавання сярод насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?