Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) і група кампаній «Алютэх» падпісалі 28 жніўня ў Мінску дагавор аб адкрыцці вытворчым прадпрыемствам групы крэдытнай лініі ў 25 млн еўра тэрмінам на тры гады, паведамілі ў прэс-службе банка. 

У адпаведнасці з дагаворам сродкі будуць накіраваныя на развіццё бізнесу групы з мэтай забеспячэння наяўных паставак і павелічэння экспарту беларускай металапрадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. 

«Група кампаній «Алютэх» мае стабільныя фінансавыя паказчыкі, якія пастаянна паляпшаюцца. З улікам добрага фінансавага стану ГК «Алютэх» здольная атрымліваць крэдытныя рэсурсы на вельмі добрых умовах, што пацвярджаецца падпісанымі сёння пагадненнямі. Фінансаванне дазволіць павялічыць аб'ёмы вытворчасці прадпрыемстваў групы і забяспечыць дадатковыя бюджэтныя паступленні, — пракаментаваў намеснік старшыні праўлення ЕАБР Генадзь Жужлеў. — Рэалізацыя праекта будзе спрыяць павелічэнню аб'ёмаў узаемнага гандлю Беларусі з Расіяй, куды пастаўляецца прыкладна 65% прадукцыі групы. Крэдыт ад Еўразійскага банка развіцця на папаўненне абаротных сродкаў дазволіць групе кампаній «Алютэх» нарасціць аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі на працягу пяці гадоў не менш як на 60%». 

Група кампаній «Алютэх» — міжнародны прамыслова-збытавы холдынг, які спецыялізуецца на вытворчасці экструдаваных алюмініевых профільных сістэм, секцыйных варот, алюмініевых профіляў і камплектавальных для ралетных сістэм. У склад холдынгу ўваходзяць 27 кампаній: сем вытворчых прадпрыемстваў (чатыры ў Беларусі, па адным у РФ, Германіі і Украіне) і 20 збытавых кампаній і лакальных складоў у Расіі, Беларусі, ва Украіне, у Чэхіі і Аўстрыі. Група кампаній з'яўляецца вядучым вытворцам алюмініевых профільных сістэм на тэрыторыі Усходняй і Заходняй Еўропы, а таксама лідарам рынку ралет у краінах СНД. 

Еўразійскі банк развіцця — міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў. Статутны капітал ЕАБР перавышае 1,5 млрд. долараў ЗША. Дзяржавамі — удзельнікамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?