Грамадскі актывіст Канстанцін Жукоўскі правядзе па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Гомеля 5 сутак адміністрацыйнага арышту ў ІЧУ. Такое рашэнне вынесла 28 жніўня суддзя Вольга Казлова, разгледзеўшы адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да актывіста. 

Нагадаем, жыхар Гомеля быў затрыманы 25 жніўня супрацоўнікамі АМАП у двары ўласнага дома. Прычым міліцыю, а менавіта супрацоўнікаў ДАІ, Жукоўскі сам жа і выклікаў: грузавыя аўтамабілі з суседняй будоўлі заблакавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд іх вадзіцелі не рэагавалі. На выклік разам з супрацоўнікамі ДАІ прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія потым і затрымалі актывіста, паставіўшы яму ў віну «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» (арт. 23.4 КоАП).

На судзе Жукоўскі заявіў, што не ўчыняў правапарушэння. Супрацоўнік ДАІ адразу ж пасля прыезду запатрабаваў ад актывіста прайсці ў службовы аўтамабіль, не тлумачачы прычын. Калі Жукоўскі адмовіўся, супрацоўнікі АМАП «праводзілі» яго ў службовы аўтамабіль, даставілі ў Цэнтральны РАУС, а затым у ІЧУ, дзе жыхар Гомеля правёў ноч. Раніцай павінен быў адбыцца суд, але яго адклалі да 28 жніўня, каб даць магчымасць Жукоўскаму знайсці адваката і сведак.

Актывіст лічыць, што затрыманне было спланаванай акцыяй з мэтай правучыць яго. «Каля майго дома чатыры гады вядзецца будоўля, прычым са шматлікімі парушэннямі. Я шматразова пісаў скаргі ў розныя інстанцыі на парушэнні заканадаўства. Вось забудоўшчык — «Цэнтр-Лізінг» — і вырашыў мяне правучыць з дапамогай міліцыі», — лічыць затрыманы.

Яго жонка на судзе выступала сведкам. Яна паказала, што ў той дзень, 25 жніўня, вярталася дамоў і чула, як прадстаўнік фірмы-забудоўшчыка гаварыў вадзіцелю аўтамабіля «МАЗ», які і блакаваў уезд у двор Жукоўскага: «Калі з'явіцца гэты дробны паскуднік, ты ведаеш, што рабіць».

Супрацоўнікі АМАП і ДАІ сцвярджалі на судзе, што проста папрасілі жыхара Гомеля паказаць дакументы, той адмовіўся і «паспрабаваў скрыцца», гэта значыць заехаць ва ўласны двор. Жукоўскі жа сцвярджаў, і ў якасці доказу падаў суду відэазапіс, што ён паказаў міліцыі дакументы, а менавіта пашпарт. А прапанова прайсці ў службовы аўтамабіль была нематываванай. Ён прапаноўваў міліцыі ў двары або ў доме разабрацца.

Падчас судовага слухання, на этапе абвяшчэння матэрыялаў справы, у залу пасяджэння зазірнуў міліцыянер-канвойны з наручнікамі ў руках. Ён чакаў у калідоры, пакуль суд вынесе рашэнне, а потым праводзіў Жукоўскага ў службовы аўтамабіль для дастаўкі ў ІЧУ. 

«Усё тут зразумела. Суддзя яшчэ не выносіла рашэнне, адвакат і я яшчэ не выступілі з доказамі маёй невінаватасці — а ўжо ў суд выкліканы канвой з ІЧУ. Гэта спланаваная акцыя, каб правучыць мяне і развязаць рукі забудоўшчыку, які парушае заканадаўства», — дадаў актывіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?