Правілы прыёму ў ВНУ ў наступным годзе змяняць не плануецца. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведамілі старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення уступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай і сярэднеспецыяльнай адукацыі ў 2014 годзе Анатоль Рубінаў і міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

Рубінаў высока ацаніў рашэнне аб увядзенні дадатковага набора. Па яго словах, гэта дазволіла запоўніць студэнтамі непапулярныя, але вельмі неабходныя дзяржаве спецыяльнасці:

«Баяліся, што па дадатковым наборы пойдуць слабыя абітурыенты. Але вынікі ўступнай кампаніі паказалі, што на многіх спецыяльнасцях пры дадатковым наборы прахадны бал быў значна большым за асноўны набор».

Рубінаў паведаміў, што толькі 200 чалавек, што паступілі па дадатковым наборы, не пераадолелі прахадны парог па двух прадметах, вызначаны для асноўнага набору, і толькі 12 чалавек не пераадолелі гэты парог па ўсіх трох прадметах.

Анатоль Рубінаў звязаў вышэйшы бал дадатковага набору з тым, што ён праводзіўся пераважна на тэхнічныя спецыяльнасці, і мэтавую групу ў ім складалі ў тым ліку выпускнікі сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, якія маюць добрую падрыхтоўку па профільным прадмеце, але дрэнна справіліся з гуманітарнымі навукамі.

Усяго пасля асноўнага набору засталося 2,5 тысячы вакантных бюджэтных месцаў. Дадатковы набор дазволіў запоўніць 1,5 тысячы з іх.

«Трэба сказаць так: незапоўненым засталося 81 бюджэтнае месца. Усе ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Астатнія — гэта недабор на завочнае навучанне за кошт бюджэта. Гэтыя месцы можна не ўлічваць. Бо людзі, якія паступаюць на іх, працуюць і маюць сродкі да існавання. Увогуле трэба памяншаць набор на бюджэтнае завочнае навучанне ці ўвогуле спыняць яго. У адукацыі супрацоўнікаў мусіць быць зацікаўлены наймальнік, наймальнік заўсёды знойдзе, як аплаціць адукацыю», — сказаў Маскевіч.

Рубінаў таксама падзяліўся і іншымі праблемамі, якія разглядаюцца цяпер чыноўнікамі ад адукацыі.

Па-першае, Рубінаў агучыў прапанову скараціць працягласць уступнай кампаніі правядзеннем некалькіх экзаменаў у адзін дзень.

«Гэта мусяць быць экзамены, якія не перасякаюцца ў межах адной спецыяльнасці. Напрыклад, геаграфія і гісторыя Беларусі. Бо здаць два экзамены за дзень немагчыма», — патлумачыў ён.

Па-другое, плануецца павялічыць суму збору за цэнтралізаванае тэсціраванне.

Сума ў 10 тысяч рублёў за здачу аднаго прадмета ўжо не дазваляе пакрываць выдаткі на правяздзенне ЦТ.

Па-трэцяе, абмяркоўваецца прапанова дазволіць непрацаўладкаваным жанчынам з малымі дзецьмі паступаць на завочную адукацыю.

«Палітыка дзяржавы накіраваная на павелічэнне нараджальнасці. Але каб паступіць на завочнае, трэба працаваць. Таму жанчына можа зрабіць выбар не на карысць сям'і, бо нараджэнне дзіцяці перашкаджае кар'еры», — сказаў Рубінаў.

Таксама Рубінаў не абыйшоў увагай ВНУ з унутранымі экзаменамі. Ён паведаміў, што для барацьбы з карупцыяй у такіх ВНУ трэба заканадаўча забараніць выкладчыкам падрыхтоўчых курсаў прымаць уступныя экзамены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?