Вялікабрытанія і яшчэ шэсць дзяржаў створаць новыя сілы хуткага рэагавання.

Аб гэтым піша Financial Times.

Сілы будуць складацца з як мінімум 10 тысяч чалавек.

Такое рашэнне стане адказам НАТА на расейскую агрэсію ва Украіне, піша выданне.

Краіны, залучаныя ў праект на дадзены момант — гэта Данія, Латвія, Эстонія, Літва, Нарвегія і Нідэрланды. Свой інтарэс да праекту таксама выказала Канада.

Чакаецца, што аб стварэнні новых сіл на наступным тыдні абвесціць прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, які ў гэтым годзе прымае саміт НАТА ва Ўэльсе.

Мэта — стварыць цалкам функцыянальнае войска памерам з дывізію для хуткага рэагавання і частых рэгулярных вучэнняў.

Чыноўнікі, якія працуюць над стварэннем новай структуры, кажуць, што ў яе таксама будзе магчымасць значна павялічыцца ў памеры.

Яна будзе складацца з паветраных, марскіх, а таксама сухапутных войскаў. Кіраваць імі будуць брытанскія камандзіры. Іншыя краіны-ўдзельніцы дадуць розныя спецыялізаваныя войскі і атрады.

Мадэллю для новых войскаў будуць сумесныя экспедыцыйныя сілы Вялікабрытаніі і Францыі, праца над стварэннем якіх вядзецца ўжо на працягу некалькіх гадоў.

Падрабязнасці аб сферы дзейнасці новых экспедыцыйных сіл, кіраваць якімі будзе Вялікабрытанія, яшчэ не вядомыя, аднак, хутчэй за ўсё, яны зоймуцца рэгулярнымі ваеннымі вучэннямі ў Еўропе і не толькі, лічыць адзін высокапастаўлены афіцэр, уцягнуты ў працэс планавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?