Мноства крыніц вады ў Беларусі сур'ёзна забруджаныя нітратамі, паведаміў выкладчык кафедры хіміі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Андрэй Пахоменка, прадстаўнік Магілёўскага экалагічнага грамадскага аб'яднання «ЭНДО».

30 жніўня ў межах III Агракультурнага фестывалю ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» ён правёў публічную лекцыю, прысвечаную якасці вады. 

Пахоменка нагадаў слухачам, што ўсе самыя галоўныя крыніцы забруджвання вады знаходзяцца на паверхні зямлі. Разам з дажджамі і талым снегам забруджвальнікі, пераважна антрапагеннага паходжання, пранікаюць углыб глебы, атручваючы падземныя ваданосныя сістэмы. Якасць вады наўпрост залежыць ад глыбіні яе залягання. 

«Самы вышэйшы водны слой зверху нічым не абаронены, — заўважыў хімік. — Больш глыбокія слаі зямлі абаронены, менавіта туды вядуць калодзежы і свідравіны, з якіх мы бярэм ваду. Ёсць таксама слаі, якія назваюцца вадаўпорнымі гарызонтамі, якія не дазваляюць забруджанай вадзе з паверхні хутка пранікаць углыб зямлі. Самая чыстая вада — артэзіянская, якая абаронена яшчэ і слаямі вапняку. Але вапняк утрымлівае кальцый, магній, і такая вада будзе большай жорсткасці». 

Пры стварэнні калодзежа натуральная абарона вады разбураецца, таму вакол ваданоснай трубы або бетонных кольцаў калодзежа неабходна ствараць гліняны замок — штучны слой гліны, які будзе перашкаджаць забруджанай вадзе з паверхні працякаць на глыбіню. 

Тым не менш, каб мінімізаваць магчымасць забруджання вады, вакол любой глыбіннай крыніцы неабходна стварыць санітарную зону, дзе не вядзецца ніякая гаспадарчая дзейнасць або будаўніцтва. «Раней у вёсках капаць калодзеж збіраліся ўсім мірам, яго будавалі далёка ад жылля, цяпер жа калодзеж капаюць у двары, дзе чалавеку зручна», — адзначыў хімік. 

Такім чынам, каб не дапусціць забруджвання крыніцы вады, вакол яе не павінна быць нічога ў радыусе 50 метраў. «Гэту тэрыторыю можна засеяць травой, зрабіць там лужайку, адпачываць на ёй, але нельга нічога будаваць або весці там гаспадарчую дзейнасць», — папярэдзіў ён. 

Адказнасць за сур'ёзнае забруджванне вады ў Беларусі ляжыць таксама на прадпрыемствах АПК. Празмернае ўнясенне ўгнаенняў у глебу, перагніваючая трава, разлівы гною на жывёлагадоўчых комплексах, звалкі — усё гэта прыводзіць да пранікнення ўглыб зямлі нітратаў, якія цудоўна растраваюцца ў вадзе. Пахоменка прадэманстраваў спадарожнікавыя здымкі, зробленыя над тэрыторыямі некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Каласальныя разлівы гною бачныя нават з космасу. Ён сказаў, што аднойчы ў Валожынскім раёне ўтварылася «рака гною шырынёй 60 метраў». Сцёку адходаў жыццядзейнасці нават не абавязкова пранікаць у глебу, бо нярэдка ён цячэ непасрэдна ў вадаёмы. 

Хімік адзначыў, што нядаўна было праведзена даследаванне, у межах якога жыхарам Беларусі прапаноўвалася самастойна зрабіць просты тэст на вызначэнне ўзроўню нітратаў у сваіх крыніцах вады. Удзельнікі даследавання заносілі вынікі тэстаў разам з указаннем лакацыі, адкуль браліся пробы вады, у спецыялізаваную базу. Да гэтага моманту было зроблена 2.255 проб крыніц вады па ўсёй Беларусі. Даследаванне паказала, што ў 66,3% выпадкаў паказчыкі перавышалі гранічна дапушчальную канцэнтрацыю, якая роўная 45 мг нітратаў на літр вады, настолькі, што піць такую ваду небяспечна. 

«Нітраты ў вадзе сур'ёзна ўплываюць на наша здароўе, — сказаў Пахоменка. — У выпадку з дарослымі гаворка ідзе аб павышанай рызыцы анкалагічных захворванняў, для дзяцей небяспека заключаецца ў тым, што атручэнне нітратамі можа выклікаць захворванне крыві, пры якім гемаглабін не можа пераносіць кісларод».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?