Даследчы цэнтр «HeadHunter Беларусь» і праект «Праца.tut.by» правялі апытанне 1.196 чалавек і высветлілі, што кожны сёмы беларус не адчувае сабе камфортна на працоўным месцы. 

«Асноўная прычына дыскамфорту — занадта высокая ці, наадварот, вельмі нізкая тэмпература ў офісе. Другая па распаўсюджанасці прычына — вялікая колькасць людзей, якія працуюць у адным памяшканні.

Апошнім часам усё большую папулярнасць набываюць офісы фармату open space. І нягледзячы на тое, што падобнае планаванне працоўнай прасторы мае шэраг пераваг, людзі не заўсёды адчуваюць сябе ўтульна. У такіх офісах, як правіла, больш шумна, асабліва калі спецыялісты вымушаныя ўвесь час гутарыць з кліентамі і партнёрамі, весці тэлефонныя перамовы. Занадта цесныя офісы, непрывабны інтэр'ер і нязручная мэбля таксама не спрыяюць працаздольнасці супрацоўнікаў», — адзначыла дырэктар «HeadHunter Беларусь» Святлана Шапарава. 

Паводле вынікаў апытання, поўнасцю задаволеныя сваім працоўным месцам толькі чвэрць беларусаў. Каб стварыць спрыяльную атмасферу, многія супрацоўнікі дапаўняюць сваю працоўную прастору асабістымі рэчамі, бо гэта ўзнімае настрой і спрыяльна адбіваецца на прадуктыўнасці працы.

Пры гэтым 23% рэспандэнтаў лічаць, што пабочныя рэчы толькі адцягваюць ад працоўнага працэсу, а ў некаторых кампаніях наогул не прынята захоўваць тое, што не адносіцца да працы. 

Найбольш часта на сваім працоўным месцы работнікі размяшчаюць сувеніры і статуэткі (32%), кветкі (27%), фатаграфіі блізкіх і сяброў або плакаты і постары (16%). 

Кіраўнікі многіх кампаній актыўна садзейнічаюць стварэнню ўтульнасці ў офісе і спрыяльнай працоўнай атмасферы: пры неабходнасці робяць рамонт (24%), пастаянна выдзяляюць сродкі на кветкі і дэкаратыўныя элементы (21%), абнаўляюць мэблю (19%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?