Свята «Скарынаўскія дні ў Полацку» пройдзе ў старажытным беларускім горадзе з 5 па 7 верасня ў час Дня беларускага пісьменства, паведамілі ў Полацкім райвыканкаме. 

Своеасаблівым пралогам Дзён стане дабрачынны праект «Падары дзецям кнігу», які пачынаецца сёння і прадоўжыцца да 4 верасня. Сабраныя ў час акцыі кнігі папоўняць бібліятэкі сацыяльных прытулкаў і школ-інтэрнатаў раёна. 

Стартуе свята Алімпіядай па аратарскім майстэрстве і напісанні эсэ, якая пройдзе 5 верасня сярод вучняў Полацкай дзяржаўнай гімназіі нумар 2. У гэты ж дзень ва ўстановах адукацыі будуць дадзены ўрокі «Полацказнаўства» па тэмах: «Вялікі сын Полацкай зямлі», «Вялікі пачынальнік Францыск Скарына». У школах будуць арганізаваны тэматычныя выстаўкі выданняў з сямейных бібліятэк і прэзентацыі старадаўніх кніг, пройдзе рандэву з кнігамі Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага і экспрэс-агляд «Кнігі або камп'ютар». 

Не застанецца ўбаку і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут будзе арганізаваны інтэрактыўны конкурс па распрацоўцы і стварэнні электроннай кнігі, пройдуць выстаўка «Універсітэты Францыска Скарыны» і выстаўка-прэзентацыя друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. 

Насычаным на мерапрыемствы абяцае быць дзень 6 верасня. На алеі праспекта Францыска Скарыны будзе арганізавана работа літаратурных салонаў «Чароўная сіла мастацтва» (прэзентацыя кніг полацкіх паэтаў), літаратурнага кафэ «Урокі выдатнай асобы», разгорнецца фотавыстаўка «Кніга і чытанне» і выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў адукацыі Полацка і Полацкага раёна. Каля памятнага знака «Ў» у музычнай панараме выступяць вучні Полацкай дзіцячай школы мастацтваў, на плошчы Францыска Скарыны будзе арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма «Мы — нашчадкі Скарыны». 

Актыўнымі святочнымі зонамі стануць пляцоўкі ля бібліятэк. Раённая цэнтральная адкрые літаратурны бульвар «Чытай горад», дзе кожны прахожы будзе мець магчымасць выпіць чаю і сфатаграфавацца з Францыскам Скарынам, пракансультавацца ў бібліятэрапеўта, азнаёміцца з выстаўкай «Ад малога да вялікага». Тут жа размесціцца пляцоўка для падлеткаў «Riders-тусоўка». Каля бібліятэкі імя Я.Купалы будуць арганізаваны фотавернісаж, міні-квест «Ад глінянай таблічкі да электроннай кнігі», майстар-класы па book-арце «Цуда-кнігу створым». 

У святочныя дні ў Дзіцячым музеі будзе працаваць выстаўка «Падручнік-чараўнік», якая раскажа аб тым, як з'явіўся першы буквар, якія кнігі выдаваліся для дзяцей у пачатку мінулага стагоддзя і аб тым, якія наогул бываюць буквары. У экспазіцыйных залах Музея беларускага кнігадрукавання будуць праводзіцца музейна-педагагічныя заняткі. Акрамя таго, у школьнікаў будзе магчымасць прыняць удзел у стварэнні кнігі з пісьмамі нашчадкам, якая будзе захоўвацца ў Музеі беларускага кнігадрукавання. 

Францыск Скарына - адзін з найвялікшых гістарычных дзеячаў, вялікі асветнік і заснавальнік беларускага кнігадрукавання, у гонар якога заснаваны вышэйшыя ўзнагароды Беларусі - медаль і ордэн, яго імем названы ўстановы адукацыі, вуліцы, праспекты, устаноўлены помнікі. У Полацку імя Францыска Скарыны мае цэнтральная гарадская бібліятэка, гімназія нумар 1, плошча, праспект і вуліца. У цэнтры горада ўстаноўлены помнік вялікаму асветніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?