Заўвага, зробленая п'янай кампаніі, дорага каштавала 44-гадоваму жыхару Мінскай вобласці, які прыехаў пагасціць у Гродна.

Як паведамляе прэс-служба Гродзенскага УУС, у мінулую суботу бліжэй да вечара мужчына выйшаў з пад'езда аднаго з дамоў на праспекце Янкі Купалы. На вуліцы каля яго некалькі маладых людзей распівалі спіртныя напоі і гучна лаяліся. Нецэнзурную лаянку пачулі яго малалетнія дзеці, у выніку чаго мужчына не прамінуў выказаць сваю незадаволенасць вульгарнай кампаніі.

«У адказ моладзь ўступіла з мужчынам у слоўную сварку, падчас якой найбольш заўзяты з сабутэльнікаў узяў у рукі драўляны брусок, якім некалькі разоў прыклаўся па апаненце, прычыніўшы яму цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пералому скроневай косткі», — распавёў начальнік крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Вадзім Яфімаў. Але ж, нягледзячы на атрыманую траўму, мужчына здолеў разагнаць п'яных малойчыкаў.

Пакуль ішла бойка, жонка пацярпелага выклікала міліцыю. Хутка на месца прыбылі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Праз некалькі гадзін нарад патрульна-паставой службы міліцыі па прыкметах затрымаў падазраванага. Ім аказаўся 29-гадовы беспрацоўны, раней судзімы за ўчыненне крадзяжу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?