…З усяго, чым тапырылася апошнім часам інфармацыйная прастора, з усёй гэтай варажбы вакол рукапацісканняў, спаборніцтва поглядаў ды ўсмешліва-лагодных міратворчых пасаў не забыцца б…

Не, не на ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну, гэта не забудзецца ніколі. Не забыцца б на тое, як так званыя абаронцы «русского мира» правялі ў Данецку скрозь варажнечы натоўп абаронцаў Украіны, што трапілі на полі бою ў палон.

Здавалася б, гэта ганебная для тых, хто яе прыдумаў, акцыя абсмоктана да апошняй косткі, уся сімволіка растлумачана, раскладзена па юрыдычных, гістарычных, ідэалагічных ды маральных паліцах.

На мой погляд — не ўся.

На мой погляд па-за межамі тлумачэнняў і каментароў засталася галоўная дзеючая асоба згаданай акцыі — натоўп.

Хацелі таго яе ініцыятары ці не, але ўпершыню, мусіць, за ўвесь час вайны супраць Украіны стала магчымым пабачыць гэты натоўп у твар. І канчаткова зразумець, мо, самы ганебны падман расійскай прапаганды пад назвай «народ Данбаса».

Ад самага пачатку развязанай супраць Украіны вайны сцвярджалася, што гэта паўстаў «народ Данбаса». Заставалася толькі змясціць гэту вайну ў гістарычны кантэкст. То бок у «Свяшчэнную вайну» і вядомы маскоўскі «марш» нямецкіх ваеннапалонных 17 ліпеня 1944 года.

У пэўным сэнсе я магу лічыць сябе сведкам таго «марша», бо на той дзень насамрэч жыў на тагачаснай вуліцы Горкага, у гасцініцы «Якорь» — напярэдадні доўгачаканага вяртання ў Мінск маці перабралася з Казані ў Маскву. З усяго, што магло застацца ў памяці трохгадовага хлопчыка — гэта тое, як маці паднесла мяне да акна… І яшчэ нейкая беганіна па калідорах, ляпанне дзвярыма, стогны і плач — з акна суседняга нумара зваліліся два браты, два блізняткі… Адзін выжыў, але застаўся нямым…

Хутчэй за ўсё гэта не памяць, а ўражанне ад таго дня, бо гісторыя з тым «маршам» і блізняткамі ўзгадвалася ў сям’і неаднарозова. І на ўсё жыццё звязала паміж сабой. Астатняе — хроніка…

Хто бачыў тую хроніку, мог заўважыць — людзі па абодва бакі вуліцы засяроджаны і маўчаць.

Яны — нямыя.

Яны — відавочцы, удзельнікі і ахвяры найвялікшай трагедыі ў гісторыі.

Яны —- народ.

1937 застаўся ў мінулым, 1953 — наперадзе…

Але на той час яны — народ.

І ў палонных немцах, што, не губляючы чалавечай годнасці, ідуць па вуліцы Горкага, магчыма заўважыць, як с кожным крокам аддаляюцца яны ад ачмуранага нацысцкай прапагандай натоўпа…

А ці ж народ —- удзельнікі «данецкага пакарання»?!

Так, у любым публічным пакаранні, ці то смерцю, ці то маральным здзекваннем, галоўная дзеючая асоба — натоўп.

Натоўп, які нібыта прагне справядлівасці, а насамрэч відовішча і самасуда.

І тут няма сутнаснай розніцы паміж тым, купка людзей трапляе ў палон, ці цалкам краіна.

І тут няма сутнаснай розніцы паміж тым, трапляе краіна ў палон да іншай краіны, ці да домарослай дыктатуры. Бо менавіта натоўп — апірышча таталітарызма. А сутнасць таталітарызма любога маштабу, колеру, адценняў адна, ад раскрыжавання Хрыста адна — дзеля захавання ўлады правакаванне ды ўзбуджэнне ў натоўпе прагі помслівага самасуду.

Не забываецца гісторыя, што колькі год таму адбылася ў палескай вёсцы. Нагадаю: яе жыхары самасудам забілі аднавяскоўца, каторы падпальваў хлявы. Аляксандр Лукашэнка публічна пашкадаваў забойцаў і «параіў» пашкадаваць іх следству і будучаму суду. Маўляў, «нармальныя мужыкі».

Што ж, мы пабачылі «нармальных мужыкоў» на данецкай вуліцы са скажонымі тварамі і воклічамі, падобнымі на вокліч: «Распні!».

А ці ж мала «нармальных мужыкоў» у нашай краіне? Каб называцца натоўпам, «нармальным мужыкам» не абавязкова збівацца ў натоўп. Дастаткова кіравацца «натоўпнай» свядомасцю. І ў пэўны час назвацца «пераважнай большасцю», каб, да прыкладу, надаць дзяржаве права на смяротнае пакаранне. То бок права чыніць самасуд «ад імя Рэспублікі Беларусь». А як інакш назваць тое, што падсудна толькі Страшнаму суду ад імя Бога?!

А чырвоны тэрор? А так званыя «палітычныя рэпрэсіі»? А вакханалія натоўпу, які трабаваў пакараць «забойцаў ў белых халатах»?

А забойства Захарэнкі, Ганчара, Красоўскага, Завадскага — ці ж не самасуд?

А смяротны пуцінскі, у тым ліку інфармацыйны, самасуд над краінай, якая прагне свабоды?

Нават савецкія, хто памятае, так званыя таварыскія суды — хутчэй, судзілішча. Што, уласна кажучы, таксама самасуд.

Але мы не заўважаем нават, што як жылі, так і працягваем жыць у вар’яцкай традыцыі самасуда. Не заўважаем, што няма аніякай сутнаснай розніцы паміж яўным ці патаемным самасудам ад імя ўлады і трыма ўдарамі абушком па галаве на краі палескага балота.

Як няма аніякай сутнаснай розніцы паміж яўным ці патаемным самасудам ад імя ўлады і агідным відовішчам, што ўтварылі ў Данецку «нармальныя мужыкі».

Яно то і страшна, што нармальныя.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?