Уздым захворвання на грып чакаецца ўжо ў пачатку студзеня 2008 года. Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 3 снежня ў Мінску паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Міхаіл Рымжа.

Раней медыкі прагназавалі пачатак эпідэміі грыпу ў звыклыя для Беларусі тэрміны: канец студзеня — пачатак лютага.

М.Рымжа заклікаў насельніцтва больш актыўна праходзіць вакцынацыю, бо імунітэт да вірусу выпрацоўваецца толькі праз некалькі тыдняў пасля імунізацыі. Ён нагадаў, што сёлета Міністэрствам аховы здароўя закуплена прыкладна 900 тыс. вакцын для бясплатнай вакцынацыі насельніцтва, што ўваходзіць у групу рызыкі. Да яе адносяцца людзі з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна‑сасудзістай і эндакрыннай сістэм, з парушэннямі функцыі нырак, з імунадэфіцытамі і г.д. Бясплатныя прышчэпкі таксама робяць асобам, якія з прычыны сваёй прафесіі рызыкуюць захварэць на грып часцей за іншых грамадзян. Да іх адносяцца медыкі, работнікі дзіцячых дамоў, школ‑інтэрнатаў, птушкаперапрацоўчых прадпрыемстваў і г.д. Паводле звестак М.Рымжы, цяпер вакцынацыю прайшлі толькі 25—30% ад колькасці людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі.

Таксама М.Рымжа нагадаў, што ўпершыню сёлета для дарослых закуплена «жывая» інтраназальная вакцына, якая ўводзіцца не ўколам, а праз нос. Паводле слоў спецыяліста, яе перавага ў тым, што, трапляючы ў арганізм, вакцына паўтарае шлях інфекцыі, а гэта стымулюе выпрацоўку мясцовага імунітэту. М.Рымжа зазначыў, што прымяненне гэтай вакцыны дазволіла зэканоміць 45 тыс. долараў на набыццё аднаразовых шпрыцаў, а таксама амаль паўтоны прэпаратаў з утрыманнем спірту для апрацоўкі месца ўколу.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0