Архіўны матэрыял.
Упершыню быў апублікаваны ў 2014

У ноч на 27 жніўня футбольны БАТЭ святкаваў выхад у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў — наймацнейшае клубнае спаборніцтва свету.

Амаль 13 тысяч гледачоў на «Барысаў-Арэне» назіралі за разгромам браціслаўскага «Слована». Пераканаўчы лік 3:0 на карысць БАТЭ не пакінуў пытанняў, ці заслужыла каманда перамогу.

Выхад у Лігу чэмпіёнаў дазволіў БАТЭ выканаць галоўную фінансавую задачу на сезон. На дадзены момант заробленыя прызавыя ўжо дасягнулі $15 мільёнаў. Клуб атрымае яшчэ і долю еўрапейскага тэлевізійнага рынку — мінімум $2 мільёны. У залежнасці ад далейшага выступлення агульная сума прызавых можа істотна вырасці.

А яшчэ праз дзень пасля перамогі старшыні праўлення БАТЭ Анатолю Капскаму давялося прымаць складанае рашэнне. Лідара каманды, 28-гадовага Сяргея Крыўца, паклікалі гуляць за французскі «Мец». «Я не мог яму адмовіць, бо бачыў, наколькі ён прагне паспрабаваць сябе ў еўрапейскім футболе высокага ўзроўню», — патлумачыў Капскі рашэнне аб продажу гульца. Сума трансферау не была названая, аднак па ацэнцы аўтарытэтнага сайта transfermarkt.de Крывец каштуе каля $2,7 мільёна. Продаж футбалістаў — яшчэ адзін важны складнік даходаў БАТЭ.

Пад кіраўніцтвам Капскага футбольны БАТЭ стаў надзвычай прыбытковым праектам. Пры гэтым, у адрозненне ад многіх іншых паспяховых бізнэсаў, ягонае развіццё адбываецца на вачах усёй краіны. А сам Капскі ў разуменні заўзятараў выглядае адным з самых эфектыўных топ-менеджараў Беларусі.

Дзяцінства на Чэрвеньшчыне

Першыя гады жыцця Анатоля прайшлі на Чэрвеньшчыне. Вёска Дуброва знаходзіцца на мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей. У вёсцы гравейка сканчаецца, далей толькі дрыгва. Зямля ў Дуброве і наваколлі неўрадлівая, скардзяцца жыхары, працаваць на ёй спрадвеку было надзвычай складана.

Бацька Анатоль Нікіфаравіч, у гонар якога і назвалі сына, быў аграномам, а маці Соф’я Захараўна — цялятніцай.

Менавіта бацька перадаў сыну фанатычную любоў да футбола. Аднак займацца спортам на прафесійным узроўні маленькі Анатоль не мог праз дзіцячую траўму.

Яшчэ ў дашкольным узросце ён няўдала ўпаў з прычэпа і пашкодзіў тазасцегнавую костку. Стаяла пытанне, ці зможа хлопчык паўнавартасна хадзіць.

Некалькі месяцаў яму давялося правесці на выцяжцы ў рэабілітацыйным цэнтры ў Валожынскім раёне. На шчасце, лячэнне дало плён. «Першая мэта ў жыцці была надзвычай канкрэтнай: навучыцца самастойна перасоўвацца», — узгадваў Капскі.

У першы клас хлопчык пайшоў у дуброўскую пачатковую школу.

«Калі да школы я яшчэ мог дайсці самастойна, то назад мяне забірала мама і цягнула дадому на плячах, таму што да канца дня нага ўжо практычна не рухалася», — расказваў бізнэсмен.

Міграцыя Капскіх

Цяпер родныя Капскага жывуць у вёсцы Дзямідаўка, гэта некалькі кіламетраў ад Барысава. Дый у самім Барысаве працуе бізнэсмен апошнія дзесяцігоддзі. Чаму ён звязаў жыццё менавіта з гэтым райцэнтрам?

Жыхары Дубровы расказваюць, што ў Капскіх быў у Барысаве ўплывовы сваяк. Дзядзька ці то быў старшынёй гарсавета, ці то займаў нейкую іншую важную пасаду. У выніку з Чэрвеньшчыны на Барысаўшчыну адзін за адным пацягнуліся на сталае месца жыхарства ўсе ахвотныя Капскія.

Пачынаючы з чацвёртага класа Анатоль хадзіў некалькі кіламетраў з вёскі да барысаўскай школы №1. Выдатнікам не быў, але вучыўся добра.

Бацькоўскі дом дагэтуль стаіць у Дзямідаўцы. Абітая сайдынгам хата глядзіцца больш дагледжанай у параўнанні з суседнімі. Тут жыве маці бізнэсмена. Соф’я Захараўна прыязна пагутарыла з карэспандэнтам «НН», але пасля ўмяшальніцтва пільнай унучкі Алесі адмовілася ад сваіх словаў, сказаных «апазіцыйнай прэсе».

Чарговыя выпрабаванні

Пасля заканчэння наргаса Анатоль Капскі вярнуўся ў Барысаў. 140-ы рамонтны завод, дзе працаваў эканамістам.

У той жа перыяд жыцця Капскаму дыягнаставалі сур’ёзную хваробу.

«У мяне вельмі моцнае сэрца, проста галоўныя нагрузкі, якія яму давялося перанесці, былі не цяпер, а больш за чвэрць стагоддзя таму. Калі табе 20 гадоў, ты моцны і ўпэўнены і раптам чуеш: «На жаль, у вас рак…» — узгадваў бізнэсмен у інтэрв’ю «Камсамолцы». — На шчасце, побач са мной былі мама і тата, мая будучая жонка Ала, усе мае родныя і блізкія — людзі, якія не дазволілі ні на хвілінку засумнявацца, што я абавязкова буду жыць».

Паміж «Полымем» і «Сталкерам»

Сярод беларускіх гарадоў Барысаў — адзін з лідараў па канцэнтрацыі прамысловых прадпрыемстваў. Першыя гады незалежнасці Капскі сустрэў у кампаніі «Полымя», створанай ягоным партнёрам, «афганцам» Валерыем Зянько. Кампанія пастаўляла сельскагаспадарчую тэхніку на беларускія прадпрыемствы, а таксама ў постсавецкія краіны.

У сярэдзіне 1990-х Капскі ўзначаліў кампанію «Сталкер», праз якую прадаваў камплектуючыя на БАТЭ. Пасля «Сталкер» стаў адным з дылераў завода. Бізнэс быў прыбытковым, і ў дырэктара з’явілася магчымасць фінансаваць сваё дзіцячае захапленне — футбол.

У Барысаве тады існавала каманда з экзатычнай назвай «Фамальгаўт» (гэта адна з самых яркіх зорак на небе). «Сталкер» Капскага быў адным з яе спонсараў. Да вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі «Фамальгаўт» так і не дабраўся. Гаспадары клуба набралі ў склад украінскіх трэнераў і гульцоў, і гэта не спадабалася барысаўскім уладам. Фінансаванне было спынена, і «Фамальгаўт» фактычна разваліўся.

Тады ж, у 1996-м, было вырашана аднаўляць завадскую каманду БАТЭ. Кіраўніком клуба стаў Анатоль Капскі, а галоўным спонсарам — ягоны «Сталкер». Назва кампаніі пісалася на клубных футболках.

Паступовая нацыяналізацыя

За абрэвіятурай БАТЭ, якая з цягам часу стала футбольным брэндам, хаваецца Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання. Ён быў створаны яшчэ ў канцы 1950-х і спецыялізаваўся на вытворчасці стартараў і генератараў. На пачатку 1990-х БАТЭ быў акцыянаваны, а ягоным «чырвоным дырэктарам» стаў Мікалай Бусел. Доля дзяржавы ў прадпрыемстве складала ўсяго 2,7%.

У 1995-м Бусла абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета XIII склікання. Ён быў зацятым камуністам, але паставіў свой подпіс за імпічмент Аляксандра Лукашэнкі.

Па меркаванні Бусла, яму так і не даравалі голас за адстаўку. На ягоным БАТЭ ўпершыню ў гісторыі Беларусі быў ужыты механізм «залатой акцыі». Дзяржава стварыла для сябе магчымасць накладаць вета на рашэнні схода акцыянераў.

Бусел сышоў з БАТЭ толькі ў 2001-м, калі завод фактычна збанкрутаваў. Тады зноў была прымененая «залатая акцыя», і дзяржава, пагасіўшы даўгі завода, нарасціла сваю долю ў прадпрыемстве. А супраць нязгодлівага Бусла завялі крымінальную справу.

Паступовая нацыяналізацыя ўсё ж адбылася. Па стане на пачатак 2013 года доля дзяржавы ў статутным фондзе БАТЭ перавышала 95%.

Трагедыя пасля футбола

Ліпень 1998-га прынёс у сям’ю Капскіх бяду. Нягледзячы на хворае сэрца, бацька паехаў падтрымаць БАТЭ ў Магілёў. У нервовым матчы барысаўцы прайгралі з лікам 0:1, прычым прапусцілі адзіны гол за некалькі хвілін да канца гульні.

У тыя дні футбольныя заўзятары не адрываліся ад тэлевізараў, дзе трансляваліся гульні чэмпіяната свету, які праходзіў у Францыі. У фінале сустракаліся гаспадары спаборніцтваў і папярэднія чэмпіёны бразільцы.

Анатоль Нікіфаравіч перажываў за паўднёваамерыканкаў, але тыя нечакана прайгралі з буйным лікам 0:3. Перад сном ён толькі і паспеў сказаць некалькі словаў родным, а ўранку ўжо не прачнуўся… Бацька не дажыў некалькі месяцаў да свайго 60-годдзя.

Росквіт футбольнага БАТЭ

У тым жа 1998-м БАТЭ атрымаў срэбныя медалі чэмпіяната Беларусі — і гэта ў год дэбюту ў вышэйшай лізе! На наступны год барысаўскі клуб стаў чэмпіёнам. Дый увогуле толькі аднойчы за 16 гадоў не атрымаў медалёў.

Год за годам каманда стварала гісторыю беларускага футбола. І ўсё гэта пад непасрэдным кіраўніцтвам Капскага.

Капскі ў 1998-м

Капскі ў 1998-м

Змяняліся трэнеры, гульцы, а вынік быў стабільна высокім. Стыль працы дырэктара работнікі клуба вызначаюць як аўтарытарны, ледзь не дыктатарскі. Апошняе слова ў любой сітуацыі мусіць заставацца за ім.

Капскі вызначаў стратэгію развіцця клуба, і абсалютная большасць ягоных ідэй спрацоўвала.

Калі БАТЭ ўпершыню прабіўся ў Лігу чэмпіёнаў, гэта магло падацца выпадковасцю, але сем запар чэмпіёнстваў і поспехі ў еўракубках прывучылі заўзятараў да перамог.

Паводле інфармацыі «Прессбола», бюджэт клуба складае каля $6 мільёнаў.

Найбольшая ягоная частка сыходзіць на заробкі гульцоў. Летась самым высокааплатным футбалістам быў Аляксандр Глеб. Паводле падлікаў by.tribuna.com, былога гульца «Арсенала» і «Барселоны» ўдалося завабіць на радзіму заробкам $130 тысяч на месяц. Пасля сыходу Глеба з каманды самым дарагім застаўся нападаючы Віталь Радзівонаў — летась ён зарабляў па $25 тысяч. У іншых гульцоў асноўнага складу даходы вагаліся на ўзроўні $10 тысяч.

Стадыён мары

Пасля пачатку «эры БАТЭ» і павелічэння колькасці заўзятараў паўстала патрэба ў больш змяшчальным стадыёне.

Адзіная трыбуна барысаўскай арэны, пабудаванай яшчэ ў канцы 1950-х, магла прыняць 2600 чалавек. Полем стадыёна, дарэчы, уласнаручна займаўся бацька Капскага.

Калі БАТЭ пачаў гуляць у вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі і ў еўракубках, трыбуну рэканструявалі, а пасля дабудавалі яшчэ адну. Змяшчальнасць стадыёна вырасла да 5400 чалавек, але ягонага ўзроўню было недастаткова, каб гуляць матчы Лігі чэмпіёнаў. А мінскі стадыён «Дынама», які даводзілася арандаваць на самыя адказныя матчы, лічыўся нешчаслівай пляцоўкай для БАТЭ.

Новую «Барысаў-Арэну» Аляксандр Лукашэнка афіцыйна адкрываў сёлета вясной. Будаўніцтва стадыёна каштавала 40 мільёнаў еўра, грошы перадусім давала дзяржава.

Арэна лічыцца самым сучасным спартыўным збудаванні краіны, гэта адзін з нямногіх цалкам футбольных стадыёнаў. Яго праект распрацоўвалі славенскія архітэктары, а сам стадыён надзвычайна падобны на той, што пабудаваны ў славенскім Марыборы.

Трыбуны змяшчаюць больш за 13 тысяч гледачоў, але запаўняюцца цалкам толькі на еўракубкавых матчах з удзелам БАТЭ. Пасля пачатку рэканструкцыі «Дынама» ў Барысаў часова пераехала і футбольная зборная Беларусі.

Сямейны клуб

Алеся Капская

Алеся Капская

У структуру футбольнага БАТЭ некалькі гадоў таму была ўведзеная дачка Капскага, Алеся. Яна скончыла факультэт міжнародных адносінаў БДУ і стала «юрыстам-міжнароднікам з веданнем дзвюх замежных моваў».

Алеся паспела атрымаць і заходнюю адукацыю, стаўшы магістрам бізнэс-адміністравання са спецыялізацыяй у футбольнай індустрыі на базе Ліверпульскага ўніверсітэта. Цяпер 26-гадовая дзяўчына працуе ў клубе намесніцай начальніка дэпартамента развіцця.

Апроч яе, у Капскага ёсць сын. Па словах суседзяў, ён уладкаваўся на завод БАТЭ.

Скарачэнне работнікаў і прыбыткаў

Анатоль Капскі даказаў усім сваю здатнасць на пасадзе футбольнага менеджара, але ці дасягнуў ён поспеху на чале завода?

У кіраўніцтве БАТЭ Капскі апынуўся ў 2001-м, пасля адхілення ад пасады Мікалая Бусла. Некалькі гадоў ён пабыў намеснікам дырэктара, а ў 2005-м стаў галоўным кіраўніком.

У першы год працы Капскага генеральным дырэктарам БАТЭ атрымаў неразмеркаваны прыбытак памерам $2,5 мільёна. Летась чысты прыбытак (змянілася метадалогія падліку Міністэрства фінансаў) не дацягнуў нават да $200 тысяч.

А вось колькасць работнікаў змяншаецца. Адныя назавуць гэта аптымізацыяй, іншыя — згортваннем абаротаў. Але калі некалькі гадоў таму на заводзе працавала каля 3500 чалавек, то сёлета ў першым квартале — менш за 2500 чалавек.

Холдынг для Капскага

У 2011-м Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні вакол БАТЭ холдынга «Аўтакампаненты». Фактычна пад кіраўніцтвам Анатоля Капскага аб’ядналіся 12 прадпрыемстваў рознай ступені паспяховасці, якія займаліся вытворчасцю запчастак.

Ва ўказе быў асобна прапісаны бонус, які Капскі мог бы атрымаць пры вялікай прыбытковасці холдынга. Аднак за мінулы год агульны прыбытак усіх прадпрыемстваў склаў $3 мільёны — гэтага аказалася недастаткова для ўзнагароды.

А ўслед за стварэннем холдынга БАТЭ зрабілі сузаснавальнікам сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства «Саюзаўтатэхналогіі». Атрыманая кампанія разам з БелАЗам і кітайскай карпарацыяй «Джылі» стала акцыянерам «Белджы» — праекта па выпуску легкавікоў. У вёсцы Перасады на мяжы Барысаўскага і Смалявіцкага раёнаў мае паўстаць завод, на якім плануецца збіраць па 60 тысяч легкавікоў на год.

Ці сыдзе?

Як гром сярод яснага неба ў студзені 2013-га прагучала інфармацыя, што Анатоль Капскі выйшаў з трохдзённай комы. Як выявілася, у Вільні бізнэсмену зрабілі аперацыю на сэрцы і сасудах. «Камсамольская праўда» паведамляла, што прычынай стала цяжкая пнеўманія, якая дала ўскладненні на сэрца.

«Гэта мой апошні сезон на чале БАТЭ. … Я, калі шчыра, вельмі стаміўся. І ўжо хачу пабыць простым чалавекам, простым гледачом», — заявіў Капскі месяц таму.

Сваім патэнцыйным наступнікам ён назваў Аляксандра Захарчанку, нараджэнца Данецкай вобласці, які паспеў пагуляць за «Фамальгаўт», а пасля стаць намеснікам Капскага і ў «Сталкеры», і ў БАТЭ.

Аднак ці зможа адысці ад спраў топ-менеджар, які стварыў клуб і кіраваў ім амаль два дзесяцігоддзі? Адказу не даюць ні знаёмыя, ні сваякі. Напэўна, дакладна не ведае і сам Анатоль Капскі.

Бізнэс без палітыкі

Зрабіць свой праект паспяховым і прыбытковым варта многага. Але ці БАТЭ — мяжа амбіцый Капскага? Ці атрымалася б у яго дасягнуць поспеху ў маштабах усёй краіны, калі б дазволіла здароўе?

Родныя бізнэсмена адказваюць адназначна: «Нашто яму гэта трэба?»

* * *

фота by.tribuna.com

фота by.tribuna.com

Анатоль Капскі (1966—2018)

Нарадзіўся 19 лютага 1966 ў в. Дуброва Чэрвеньскага раёна. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ) па спецыяльнасці «эканаміст» (1987) і Акадэмію кіравання (2007).

У 1987-1990 — старэйшы эканаміст па фінансавай працы на 140-м рамонтным заводзе, у 1990-1996 — намеснік дырэктара прадпрыемства «Полымя», у 1996-2000 — генеральны дырэктар ТАА «Сталкер». 

У 2001-2005 — намеснік дырэктара завода БАТЭ, з 2005 — дырэктар БАТЭ. З 2011 — дырэктар холдынга «Аўтакампаненты».

У жніўні 2017 пакінуў пасаду гендырэктара ААТ «БАТЭ», застаўся старшынёй праўлення футбольнага клуба БАТЭ.

Памёр 22 верасня 2018 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?