Вярхоўны суд Беларусі вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе: за краты адправілі былога суддзю Савецкага раёна Гомеля Юрыя Жорава. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару і пакаралі пазбаўленнем волі на 14 гадоў.

Праўда, год скінулі па амністыі. За што судзілі? За бутэльку каньяку, каву, чырвоную рыбу — усё ў савецкай традыцыі. І «сотку баксаў» — гэта навінка ўжо з шалёных дзевяностых.

Бралі суддзю супрацоўнікі КДБ у лютым 2014 года. Чэкісты тады не надта расказвалі пра падрабязнасці. У красавіку, у пасланні беларускаму народу, пра Жорава ўзгадаў сам Лукашэнка. Аказалася, за суддзёй два месяцы быў «хвост», у кабінеце стаялі «жучкі» і камеры, тэлефоны таксама былі на праслушцы. А пасля выявілася, што ўсё гэта незаконна. Праўда, увагі на гэта ніхто, акром адваката, не звярнуў. Кабінет суддзі з’яўляецца дарадчым пакоем, дзе ён вырашае лёс абвінавачаных. Доступ туды адкрыты толькі суддзям, але яны не маюць права нават абмовіцца, што адбываецца за зачыненымі дзвярыма. А тут чэкісты ладзілі проста анлайн-прагляды адтуль.

У справе Жорава фігуравалі яшчэ юрыст і адвакат, якія нібыта і перадавалі хабар. Але яны за краты не трапілі. Аднаго адпусцілі па амністыі «як пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС», іншы ж «пакаяўся»: напісаў прызнанне і даў КДБ патрэбныя паказанні. На судзе яны выступалі сведкамі.

Відэазапіс з кабінета суддзі паказаў шмат цікавага. Як суддзя часам выпіваў з калегамі-юрыстамі і выказваўся пры гэтым на розныя тэмы. Можа, менавіта да тых шчырых размоў нападпітку і ўзніклі пытанні ў чэкістаў?

Пасля лютаўскага арышту Юрыя Жорава з суда Савецкага раёна сышлі іншыя работнікі. 26 чэрвеня Лукашэнка падпісаў указ, па якім «па ўласным жаданні» былі вызвалены суддзі Сяргей Шаўструк, Сяргей Уласаў і намеснік старшыні суда Віктар Купрацэвіч. Яны за краты не трапілі, а знайшлі іншую працу. Нагаварылі лішняга ў кабінеце калегі?

Што ж стала падставай для праслушкі самаго Жорава? Некаторыя звязваюць гэта з дзейнасцю яго маці Маргарыты Жоравай. Раней яна працавала намесніцай старшыні ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, была членам Цэнтрвыбаркама, намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве папярэдняга савета рэспублікі. У снежні 2013 яе прызначылі старшынёй Гомельскай абласной натарыяльнай палаты. Тады КДБ і пачаў сачыць за яе сынам.

Чым праславіўся Жораў

Суддзя Юрый Жораў у 2008 адзначыўся ў справе палітжаўнера, кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі «Моладзь БНФ» Змітра Жалезнічэнкі. Выдатніка Жалезнічэнку забралі ў армію адразу пасля выключэння з універсітэта. Маці хлопца вырашыла судзіцца з ваенкаматам. Тады, 8 лютага, суддзя Жораў прыпыніў рашэнне ваенкамата аб прызыве Змітра на службу. Але ўжо 14 лютага даў дабро на працяг яго службы.

А ў 2009 прозвішча суддзі з’явілася ў прэсе ў сувязі з іншым палітжаўнерам з Гомеля — Андрэем Цянютам. Калі сябра «Маладога фронту» забралі ў войска, ён напісаў заяву на альтэрнатыўную службу. Яму адмовілі. Тады хлопец звярнуўся ў суд. Суддзя Жораў адмовіўся разглядаць справу — прапанаваў спачатку звяртацца ў абласны ваенкамат. А абласны суд паправіў Жорава — скаргу вярнулі ў суд Савецкага раёна. Праўда, служыць Цянюту давялося да канца.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?