Навіны апошніх дзён: аўтограф‑сэсія Neuro Dubel у самай буйной дыскарні Менску, вялікія канцэрты «Крамбамбулі» і праекту «Народны альбом».

Як стала вядома ТГ — гэта далёка ня ўсё: Зьмітра Вайцюшкевіча запрасілі да ўдзелу ў навагоднім праекце тэлеканалу АНТ, гурт «Палац» трапіў у лік 15‑ці прэтэндэнтаў на адборачны тур да «Эўравізіі‑2008», а разам з тым Neuro Dubel з «Палацам» рыхтуюцца да вялікага канцэрту ў сакавіку, які пройдзе ў Палацы Рэспублікі.

Навіна з прэтэнзіяй на сэнсацыю, гэта тое, што гурт «Палац» трапіў у 15 прэтэндэнтаў на адборачны тур да «Эўравізіі‑2008». Усяго на конкурс было пададзена 60 заяваў. 27 лістапада ўсе тэрміны выйшлі і журы на чале з Аляксандрам Ціхановічам адабрала 15 самых годных песень, якія адпавядаюць усім патрабаваньням. «Палац» адмыслова для «Эўравізіі» падрыхтаваў песьню «Кола грукатала». У гэтую пятніцу мае адбыцца арганізацыйная сустрэча, на якой будуць абмеркаваныя ўсе акалічнасьці адборачнага канцэрта, які заплянаваны на студзень 2008 году. Арганізатарам адборачнага туру, які завецца нацыянальны тэлевізыйны музычны праект «Эўрафэст», а арганізатарам яго зьяўляецца Дзяржтэлерадыёкампанія Беларусі.

Тым часам яшчэ аднаго паўапальнага беларускамоўнага выканаўцу — Зьмітра Вайцюшкевіча — запрасілі да ўдзелу ў навагоднім тэлепраекце тэлеканалу АНТ. «Мне прапанавалі выканаць песьню «Бывайце здаровы« і яшчэ адну. Я пагадзіўся папярэдне. Чакаю, што будзе далей», — паведаміў ТГ сьпявак.

І яшчэ адна навіна — у сакавіку ў Палацы Рэспублікі плянуецца вялікі канцэрт з удзелам гуртоў Neuro Dubel і «Палац». Апошні раз Аляксандар Кульлінковіч і Алег Хаменка выступалі на адной з самых буйных канцэртных пляцовак сталіцы роўна тры гады таму — 12 сьнежня 2004 году ў межах сьвяткаваньня гадавіны «Тузіна Гітоў». Плянуецца, што сакавіцкі канцэрт будзе дабрачынны, мэта яго — аказаць дапамогу дзецям‑інвалідам. «Я бы ня зьвязваў дадзенае запрашэньне з нашым візытам у адміністрацыю прэзыдэнта», — сказаў ТГ лідэр «Палацу» Алег Хаменка.

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0