Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка спадзяецца, што 5 верасня ў Мінску шматбаковая кантактная група пачне перамовы аб працэсе мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, а таксама будуць зробленыя рэальныя захады для дасягнення міру.

«Я ўскладаю велізарную надзею на тое, што ў пятніцу ў Мінску будзе, урэшце, распачаты мірны працэс», — заявіў Парашэнка 3 верасня ў Кіеве падчас сустрэчы з украінцамі, вызваленымі з лівійскага палону. 

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, ён падкрэсліў, што Украіна не давала ніякай нагоды для таго, каб справакаваць супраць сябе агрэсію. «Увесь свет ведае, што Украіна з'яўляецца краінай, якая дакладна прытрымліваецца абавязацельстваў, міжнароднага права і якая сёння з'яўляецца аб'ектам агрэсіі з боку суседняй дзяржавы», — сказаў Парашэнка. Ён выказаў надзею, што, нарэшце, удасца спыніць пастаяннае парушэнне дамоўленасцяў, расстрэл палонных, мірнага насельніцтва, знішчэнне навучальных устаноў і іншых аб'ектаў інфраструктуры. 

«Першая задача — гэта мір. Сёння а 5-й гадзіне раніцы, у сувязі з розніцай у часе, мы размаўлялі з прэзідэнтам Пуціным (ён знаходзіцца ў Манголіі) аб тым, якім чынам мы можам спыніць жудасныя працэсы. Нельга адмаўляць тое, што людзі павінны перастаць гінуць», — заявіў Парашэнка. 

Ён падкрэсліў, што міру ва Украіне жадаюць усе грамадзяне, таму ён будзе змагацца за мір. «Народ Украіны ўвесь «за», палітыканы жадаюць пагуляць у вайну. Але я хачу сказаць, што не дам гэта зрабіць. Мы павінны разам змагацца за мір», — адзначыў прэзідэнт. 

Апошняя сустрэча кантактнай групы (Кіеў — сепаратысты Данбаса — Расія — АБСЕ) збіралася ў Мінску 1 верасня. Бакі падалі свае прапановы і вырашылі сабрацца зноў 5 верасня. 

У сераду прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў свой план мірнага ўрэгулявання, які складаецца з сямі пунктаў. Кіеў у асобе прэм'ер-міністра Арсеня Яцанюка не прыняў прапановы расійскага кіраўніка, заявіўшы, што гэта план ратавання тэрарыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?