У Брэсце прадухілена замоўленае забойства. 

У сумесным паведамленні МУС і Следчага камітэта гаворыцца, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі 48-гадовую падазроную вечарам 2 верасня з доказамі злачынства. Знаходзячыся разам з мужам на сямейным пікніку, жанчына спрабавала яго атруціць, падсыпаўшы атруту ў талерку з ежай. 

У поле зроку аператыўнікаў упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па Брэсцкай вобласці жанчына трапіла некалькі месяцаў таму, калі спрабавала знайсці выканаўцу забойства. Як стала вядома пазней, гаворка ішла аб пазбаўленні жыцця яе мужа. 

«Ужо на першапачатковым этапе мы не маглі пакінуць гэтую інфармацыю без увагі, — паведаміў начальнік 6-га ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК МУС Сяргей Карпук. — Праведзеныя аператыўныя мерапрыемствы сапраўды пацвердзілі рэальнасць намераў брэстаўчанкі «замовіць» свайго мужа. З таго моманту падрыхтоўка да ўчынення ёю злачынства ўжо ажыццяўлялася пад нашым кантролем». 

Пазней «выканаўца замовы» быў знойдзены. Сумесна вызначылі і спосаб учынення злачынства — атручэнне моцнадзейным сродкам. Яго наяўнасць у арганізме праз некалькі гадзін пасля смерці, паводле слоў «прафесійнага кілера», не будзе выяўленае экспертызай. 

«Выканаўшы задуманае, падазроная разлічвала атрымаць у спадчыну кватэру ў Брэсце і дом з гектарам зямлі ў вёсцы, — сказаў Карпук. — Траціна ад кошту кватэры — аплата паслуг «кілера». Астатняе — на развіццё ўласнага бізнесу». 

Па гэтым факце ўпраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці распачатая крымінальная справа на падставе ч. 1 арт. 14 і п. 12 ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства з карыслівых меркавання або па найму). Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, скіраваныя на атрыманне доказаў. Прызначаныя экспертныя даследаванні. Падазроная зараз затрыманая ў парадку арт. 108 КПК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?