У Міністэрстве замежных спраў Беларусі не каментуюць інфармацыю аб вяртанні на радзіму трох беларусаў, якія з 2012 года знаходзіліся ў турме ў Лівіі. 

Паведамленне аб тым, што трое з чатырох беларускіх грамадзян былі вызваленыя і вярнуліся ў Беларусь, было распаўсюджана некаторымі СМІ некалькі дзён таму.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць гэтыя звесткі прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 4 верасня на брыфінгу ў Мінску заявіў: «Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь не распаўсюджвае інфармацыю па гэтым пытанні і не каментуе яе, зыходзячы з прыярытэтнасці захавання жыцця і здароўя ўдзельнікаў і той працы, якая вядзецца». 

Нагадаем, больш за два гад таму, у чэрвені 2012 года, ваенны суд Лівіі прыгаварыў чатырох грамадзян Беларусі да 10 гадоў турэмнага зняволення па абвінавачанні ў дапамаганні рэжыму Кадафі. Афіцыйны Мінск тады заявіў, што абвінавачанне не адпавядае рэчаіснасці — беларусы прыехалі ў Лівію па кантракце для працы на грамадзянскіх аб'ектах.

Разам з беларусамі перад судом паўсталі грамадзяне Расіі і Украіны, якія былі прыгавораны да розных тэрмінаў турэмнага зняволення. Пазней адзін з украінцаў памёр у лівійскай турме, а МЗС Украіны заявіла, што смерць наступіла з-за халатнасці ўрачоў.

У жніўні 2013 года Андрэй Савіных, які займаў пасаду прэс-сакратара МЗС Беларусі, паведаміў, што прыгавор ваеннага суда Лівіі ў дачыненні да беларускіх грамадзян адменены, справу будзе разглядаць грамадзянскі суд. «Мы пакуль яшчэ не дабіліся патрэбнага нам выніку, а менавіта вызвалення нашых грамадзян. Але, несумненна, перадача справы ў грамадзянскі суд — гэта сур'ёзны крок у патрэбным нам напрамку», — сказаў прадстаўнік МЗС.

28 жніўня гэтага года ўкраінскія СМІ паведамілі, што 19 украінцаў, асуджаных у 2012 годзе ваенным судом Лівіі, вызвалены з турмы. Гэтую інфармацыю ўкраінскаму тэлеканалу ТСН пацвердзіў протаіерэй Захарыя Кярсцюк, які знаходзіўся з гуманітарнай місіяй у Лівіі і рэгулярна наведваў украінцаў у палоне.

Ці ўдалося разам з украінцамі вызваліць грамадзян Беларусі, пакуль невядома. На гэтае пытанне прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык адказаў: «Міністэрствам вядзецца адпаведная праца. Яе вынікі будуць абвешчаны так і тады, каб гэта не пашкодзіла інтарэсам беларускіх грамадзян».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0