Адной з распрацовак апошніх гадоў вучоных Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з'яўляецца мабільны лазерны спектрометр, сфера выкарыстання якога надзвычай шырокая, паведаміў 4 верасня ў Мінску журналістам намеснік дырэктара інстытута Міхаіл Бялькоў. 

Паводле слоў вучонага, гэты апарат не з'яўляецца ўнікальным у сваім родзе, практычна аналагічны варыянт спектрометра «распрацаваны амерыканцамі і цяпер лётае па Марсе». «Мы зрабілі свой не пазней і не горшы», — сказаў ён. 

Мабільны лазерны спектрометр прызначаны для аналізу цвёрдых рэчываў на ўтрыманне ў іх розных элементаў табліцы Мендзялеева. Найперш гэты апарат можна выкарыстоўваць для аналізу структуры будаўнічых матэрыялаў і металаканструкцый. 

«З дапамогай гэтага спектрометра мы нядаўна аналізавалі стан металаканструкцый аквапарку, — паведаміў Бялькоў. — Там узнікла праблема — раптам сталі ржавець металаканструкцыі, хоць згодна з усёй дакументацыяй выкарыстоўвалася нержавеючая сталь. Мы праверылі, аказалася, што сапраўды нержавеючая сталь, але не той маркі, як было ўказана. У прысутнасці хлору метал іржавеў». 

Выкарыстанне гэтай тэхнікі, напрыклад, для аналізу матэрыялаў перад будаўніцтвам маштабных збудаванняў дапаможа прадухіліць іх разбурэнне, сказаў вучоны. 

Паводле слоў Бялькова, распрацоўшчыкаў спектрометра «папрасілі прааналізаваць люстру ў адным нядаўна ўзведзеным будынку на прадмет таго, ці ёсць у ёй золата». «Мы прыехалі, прааналізавалі — так, золата ёсць, праўда, слой быў настолькі тонкі, што з першым стрэлам лазера золата пачало адлятаць», — адзначыў ён. 

Мабільны лазерны спектрометр знайшоў сваё прымяненне таксама ў досыць незвычайнай галіне. Так, вучоныя Інстытута фізікі ўжо правялі цэлую серыю аналізаў мастацкіх карцін, каб праверыць іх сапраўднасць. Паходжанне твораў мастацтва правяралі пры дапамозе аналізу складу фарбаў. 

«У розныя перыяды гісторыі, напрыклад, бялілы былі тытанавыя, цынкавыя, свінцовыя. Калі карціна напісаная, напрыклад, свінцовымі бяліламі, мы гэта вызначаем і такім чынам можам прыкладна ўстанавіць стагоддзе яе стварэння», — адзначыў Бялькоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?