Піваварная кампанія «Балтыка» не плануе ў найбліжэйшы час інвеставаць сродкі ў куплю магутнасцей у Беларусі. Пра гэта БелаПАН заявіў намеснік дырэктара па карпаратыўных сувязях і інфармацыі, начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю ААТ «Піваварная кампанія «Балтыка» Аляксей Кедрын.

«Ці з’явяцца такія планы надалей, будзе бачна», — зазначыў спецыяліст.

Такім чынам А.Кедрын абверг паведамленне інфармацыйнага агенцтва Інтэрфакс‑Захад аб тым, што расійская піваварная кампанія «Балтыка» зноў мае жаданне стварыць вытворчасць у Беларусі. Пра гэта, паводле інфармацыі агенцтва, 30 лістапада на семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржорганаў у Мінску заявіў прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка нібыта нагадаў, што «Балтыка» ўжо рабіла спробу зайсці на беларускі рынак «абходнымі шляхамі, не выканаўшы ўмоў інвеставання». «Балтыка» гатова сёння выконваць не 30, як тады, а 37 умоў, калі ім дазволяць працаваць на нашым рынку», — цытуе прэзідэнта Інтэрфакс‑Захад.

Як паведамляў БелаПАН, 26 лістапада на сустрэчы з журналістамі ў Мінску дырэктар па экспарце кампаніі «Балтыка» Дзмітрый Кісцеў таксама заявіў, што ў «Беларусі пакуль не плануецца інвеставаць сродкі ў ліцэнзійны выпуск піва, які цяпер ажыццяўляецца ва Украіне і Вялікабрытаніі». Паводле звестак дырэктара па экспарце, у 2007 годзе ў Беларусі будзе прададзена прыкладна 5 млн. дал піва маркі «Балтыка». У краіну пастаўляецца 20% агульнага аб’ёму экспартнага продажу кампаніі, і яна займае трэцяе месца па аб’ёмах продажу пасля Казахстана і Украіны. Аб’ём продажу за дзевяць месяцаў гэтага года склаў прыблізна 4 млн. дал, што на 30% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Рост продажу перавысіў рост рынку, які ацэньваецца ў 18%.

Даведка БелаПАН. ААТ «Піваварная кампанія «Балтыка» з’яўляецца лідэрам расійскага піваварнага рынку. У 2006 годзе «Балтыка» аб’ядналася з кампаніямі «Вена», «Пікра» і «Ярпіва». Ёй належаць 11 піваварных заводаў у дзевяці рэгіёнах Расіі. Штат супрацоўнікаў — прыблізна 12 тысяч чалавек. Кампаніі належыць 37,7% расійскага рынку піва і 2,2% — сусветнага. Вытворчыя магутнасці складаюць 45 млн. гекталітраў.

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0