Суд па справе Саюза беларускіх пісьменнікаў перанесены. Прыблізнай датай пасяджэння называецца 13 красавіка. Вярхоўны суд задаволіў хадайніцтва СБП адкласці разгляд судовай справы па прычыне занятасці абаронцы адказчыка ў іншы судовым працэсе.

Насамрэч справа з адвакатам выглядае так. Як распавёў «Салідарнасці» старшыня СБП Алесь Пашкевіч, праблема ў тым, што абаронца, які вёў іх справу, раптам папросту знік разам з усімі дакументамі.

– Амаль тры тыдні мы спрабавалі з ім звязацца, але дарэмна, – кажа Алесь Пашкевіч. – Чалавек на сувязь не выходзіў. Мы тэлефанавалі яму па ўсіх магчымых тэлефонах – дадому, на працу. Нават дзяжурылі пад вокнамі. Нарэшце ўсё ж вылавілі. Дзякуй, што хоць свае дакументы мы змаглі вярнуць назад. Што з ім здарылася, наш адвакат так і не растлумачыў, але голас і рукі ў яго моцна дрыжалі. Адчувалася, што на яго хтосьці вельмі моцна націснуў і чалавек сапраўды баіцца. Трэба сказаць, што такое з ім упершыню. Да гэтага выпадку ён сумленна абараняў нас у гаспадарчым судзе па зыску з Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, быў на папярэдніх слуханнях у Вярхоўным судзе.

У звязку з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў вымушаны быў звярнуцца па дапамогу да іншага адваката. Зараз іх справу вядзе юрыст Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Ганна Бахціна.

– Наш новы адвакат, прагледзеўшы матэрыялы, запэўніла, што выйграць суд будзе дастаткова рэальна, – кажа Алесь Пашкевіч. – Іншая справа, што для таго, каб судзіцца з Мінюстам, трэба мець не толькі моцную юрыдычную адукаванасць, але і высокую грамадзянскую пазіцыю.

«Салідарнасць»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0