Аляксандр Лукашэнка 4 верасня падпісаў указ №433 «Аб унясенні змяненняў ва Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2009 №125», якім усталёўваецца памежная тэрыторыя ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія прымыкаюць да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй.

«Гэта дасць магчымасць стварыць умовы для рэалізацыі ўскладзеных на органы памежнай службы задач і функцый у межах гэтай мясцовасці, а таксама арганізаваць належнае ўзаемадзеянне з пагранічнымі органамі Расійскай Федэрацыі, накіраванае на рашэнне задач па выяўленні і спыненні транзітнай незаконнай міграцыі, наркатрафіку і незаконнага перамяшчэння праз мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў», — растлумачылі ў прэс-службе.

Што гэта значыць? Мы папыталіся эксперта ў сілавой тэматыцы, стваральніка аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэя Паратнікава.

«Перш за ўсё варта адзначыць, што на сённяшні дзень на мяжы з Расіяй няма беларускіх памежнікаў зусім. Існуе толькі габарытны кантроль», — адзначае сп.Паратнікаў. — З расійскага боку раней існавалі памежныя атрады, цяпер яны ператвораныя ў пагранічныя Упраўленні ФСБ Расіі па Смаленскай і Бранскай абласцях. Яны маюць тыя самыя функцыі, што атрады, толькі зменшаныя ў колькасці».

«Калі ўводзіцца прыгранічнай тэрыторыі, то беларускія памежнікі абавязкова з’явяцца там. Гэта значыць для знаходжання на гэтых тэрыторыях патрэбныя нейкія памежныя службы. Відавочна будзе здзяйсняцца пэўны пашпартны кантроль. Фактычна, гэта ўскоснае сведчанне, што рыхтуецца ўсталяванне паўнавартаснай мяжы з Расійскай Федэрацыяй».

Андрэй Паратнікаў кажа, што ў 2012 годзе праходзілі неафіцыйныя штабныя вучэнні Памежнага камітэта, дзе за мэту ставілася перакрыць мяжу з Расіяй. Прычым зрабіць гэта мусілі ў найкарацейшыя тэрміны — 3—5 сутак. Праўда, памежнікі сутыкнуліся з праблемамі, найперш матэрыяльным і тэхнічным забеспячэннем на расійскай мяжы.

«Калі будзе ўведзеная граніца, то ўзнікае пытанне з мытняй. Ці будзе яна таксама? Калі так, то вельмі цікава, што гэта за Мытны саюз з мытнямі?» — задаецца пытаннем эксперт.

Паратнікаў лічыць, што падзеі ва Украіне маглі стаць каталізатарам для прыняцця такога рашэння.

Ці не можа ўвядзенне рэжыму прыгранічнай тэрыторыі быць па просьбе ці патрабаванні Расіі? Каб забароненыя заходнія прадукты не траплялі на тэрыторыю Расіі з Беларусі? «Наўрад ці. Гэта не справа Памежнага камітэта. Хутчэй гэтым павінны займацца мытнікі ці органы ДАІ».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?