Нявырашаныя праблемы з зносам хат ставяць пад пытаньне тэрміны рэканструкцыі праспэкту Дзяржынскага ў Менску.

Новая станцыя «Грушаўка» будзе пабудаваная акурат пад праспэктам на скрыжаваньні з вуліцай Шчорса . Яшчэ ў верасьні плянавалася перакрыць гэты невялікі ўчастак, а зьлева і справа ад яго пусьціць аб’язныя рукавы для машын. Ды вось загваздка: некалькі драўляных хат сталі ўпоперак горла мэтрабуду.

«Багата якіх жыхыроў не задавальняюць варыянты перасяленьня, вось яны і не даюць згоды на знос, — тлумачыць Міхаіл Рызер, начальнік тэхнічнага аддзелу УП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну». — Напрыклад, на будучай «Грушаўцы» з‑за трох хат мы ня можам пачаць актыўныя будаўнічыя працы. Аналягічная праблема на «Міхалове». Калі так будзе працягвацца, то пад пагрозай пераносу апынецца плян пуску новага ўчастка мэтро, які намечаны на 2011 год…»

Званю ў весьніцы. Тут жывць Глякавы. Маладая сям’я з двума малымі дзяцьмі. І яшчэ бацька гаспадара. Іх хату мусілі былі зьнесьці роўна год таму. Наўзамен усім пяцярым прапанавалі адну трохпакаёвую кватэру. Варыянт людзей не задаволіў (маладая сям’я зусім правамоцна хоча жыць асобна). Адмовіліся высяляцца — атрымалі позву ў суд.

«Мы прасілі: перанясіце нашу хату ў іншае месца, — кажуць Глякавы, — альбо дайце жытло, раўнацэннае па плошчы. Права такога выбару мы маем паводле закону. (артыкул 104 Жыльлёвага кодэксу Беларусі. — Заўв. аўт.). Але суд вынес рашэньне не на нашу карысьць. Цяпер нас намагаюцца затачыць у кватэру, якая нават па мэтражы не адпавядае тым ільготам, якія маем…»

Які б ні быў у цябе катэдж, а пры зносе трапіш у шматпавярховік.

На жаль, выдзяліць іншую хату альбо перанесьці гэтую немагчыма. У Менску папросту ўжо не засталося свабодных зямельных участкаў, тлумачаць жыхарам у Менгарвыканкаме. Таму права выбару, якое дае Жыльлёвы кодэкс, фактычна зводзіцца да аднаго варыянту — атрыманьне ва ўласнасьць кватэры. Выходзіць, які б ні быў у цябе катэдж, а пры зносе трапіш у шматпавярховік. І больш як на 20 квадратных мэтраў на чалавека разьлічваць ня варта…

Незадаволеных дастаткова. Паводле рашэньня Менгарвыканкаму, да верасьня з мапы Менску мусілі былі зьнікнуць 75 старых хат, якія стаяць на шляху мэтро. Цяпер гэтая задача ня выкананая і напалову — зьнесеныя толькі 30 хат. Дзесьці маці з бацькам хочуць асобную жылплошчу для халастога сына. Дзесьці былыя сужонцы просяць расьсяліць іх па розных кватэрах. Дзесьці пэнсыянэр проста трымаецца за свой кавалак зямлі, за гаспадарку.

Усяго цяпер у судах разглядаюцца 19 спраў.

«Некалькі сем’яў ужо падалі касацыйныя скаргі на рашэньні раённага суду і пайшлі па другім коле, — кажа Міхаіл Рызер. — Калі яны маюць намер апэляваць аж да Вярхоўнага суду, то перасяленьне можа расьцягнуцца на год, а то і даўжэй. А ў мэтрабуду і так часу замала. Адгарадзіць участак пад будучую станцыю і пачаць будоўлю мы мусім не пазьней за студзень‑люты наступнага году. Інакш не ўкладземся ў тэрміны. А без мэтро ня будзе своечасова рэканструяваны ўвесь праспэкт.»

Пакуль гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў дамоў, жыльцы якіх супраціўляюца высяленьню. Гэта толькі пачатак.

Да 2011 году плянуецца рэканструяваць увесь праспэкт Дзяржынскага. На месцы былой вёскі Дружба пабудуюць элітны жылы раён. На месцы былой вёскі Пятроўшчына паўстане квартал новабудоўляў. На скрыжаваньні з праспэктам Жукава зьявіцца трохузроўневая разьвязка і шматпавярховая забудова на месцы сёньняшніх драўляных хацінак. Калі пакуль прыватныя хаты ідуць пад знос толькі ў раёне будоўлі лініі мэтрапалітэну, то ў наступныя гады экскаватары дабяруцца да іншых участкаў. І праблем зь перасяленьнем, відавочна, ня стане меней…

Паводле: Мікалай Градзюшка, «РЭСПУБЛIКА»


На скрыжаваньні Шчорса і Дзяржынскага
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0