У Менск зьбіраецца Пуцін. Не "калектыўны", а той самы, пра якога некалі Захад пытаўся "Who is?..". Болей ужо не пытаецца.

(с) nvo.ng.ru

Мяркуецца правесьці пасяджэнье Найвышэйшае рады саюзнае дзяржавы, зацьвердзіць ейны бюджэт на наступны год. Сума гэтага бюджэту, як заўважыў наш эканаміст Леанід Заіка, меншая, чым "зазор у газавым тарыфе". Зразумела, што назіральнікаў значна болей цікавіць імаверная закулісная інтрыга.

Раней гучалі гіпотэзы, што пад заслону свайго прэзыдэнцтва Пуцін паспрабуе даціснуць упартага партнэра, вырашыць ці перадвырашыць "беларускае пытаньне" ў патрэбным Крамлю ключы.

"Ня думаю, што за адзін візыт можна вырашыць усе пытаньні, — падзяліўся са мной меркаваньнем палітоляг Валер Карбалевіч. — Увогуле ж выглядае на тое, што апошнім часам Масква гатовая рабіць нейкія крокі насустрач Менску". У прыватнасьці, гучаць празрыстыя намёкі, што цана газу можа аказацца даволі лагоднай. То бок усталяванай паводле палітычнай формулы, кажа экспэрт.

Ён лічыць, што такая лагоднасьць тлумачыцца, найхутчэй, нежаданьнем газавай вайны ў электаральны пэрыяд, а таксама намерам прадэманстраваць Захаду, зь якім Крэмль зараз напаляе стасункі: маўляў, мы не забываем пра свой стратэгічны пляцдарм!

Пакуль што Аляксандар Лукашэнка не падтрымлівае заявы маскоўскіх колаў пра "асымэтрычны адказ" ЗША пры дапамозе Беларусі. У прыватнасьці, на пытаньне карэспандэнткі "Паіс", супраць каго будуць скіраваныя "Іскандэры" на нашай тэрыторыі, беларускі кіраўнік адказаў: "Ні супраць каго. Гэта не стратэгічныя ўзбраеньні, а болей магутныя абарончыя сыстэмы".

Дарэчы, падрабязны пераказ гэтага інтэрвію з мноствам цытатаў можна знайсьці тут. Дэталёва аналізаваць тэкст ня будзем, бо тут мала новага ў параўнаньні з тым, што гучала сёлета ў гутарках з карэспандэнтамі "Вэльт", "Ройтэрз", "Монд".

Што ж да згадак пра Пуціна, то, з аднаго боку, Лукашэнка пашкадаваў, што той сыходзіць, а зь іншага боку — прагучала, што расейскі кіраўнік "душыць Беларусь" цэнамі на энэрганосьбіты і, магчыма, ня моцны ў арытмэтыцы, кажучы пра субсыдыі.

Ці стане Пуцін "душыць" менавіта зараз? Ва ўсякім разе, на цягнік прэзыдэнта саюзнае дзяржавы ён не пасьпявае, нават калі ўявіць сабе, што дамовяцца пра рэфэрэндум. Дый раней гэты варыянт выглядаў эфэмэрна. Але тое, што візыт анансаваны як двухдзённы, дае падставы меркаваць: крамлёўскі кіраўнік завітвае ўсё ж ня дзеля птушачкі. Трохі пачакаем…

Калі ж казаць пра "калектыўнага Пуціна", то пры любой канфігурацыі расейскай улады пасьля 2 сакавіка 2008 году будзе доўжыцца ды ўзмацняцца прэсынг на бедную энэргарэсурсамі Беларусь зь яе практычна не рэфармаванай, не гатовай да выклікаў глябалізацыі эканомікай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?